Уладзімір Мацкевіч: Драйв вакол Вейшнорыі не сведчыць пра наяўнасць сепаратызму
Госцем нашага эфіру быў Уладзімір Мацкевіч — філосаф і метадолаг.
РР: Спадар Уладзімір, я хачу з Вамі пагаварыць пра рэспубліку Вейшнорыя, якая нарадзілася ў беларускіх сацыяльных сетках. Я цяпер на афіцыйнай старонцы дзе чытаю, што чарга на атрыманне пашпарту грамадзяніна Вейшнорыі склада 4 445 чалавек. Скажыце, Вы таксама сабе можа пашпарт Вейшнорыі рабілі ці не?
— Не. Я бачыў гэта,а ле не стаў уключацца ў гэтую істэрыю ў інтэрнэце з нагоды вось такой мары, ці вельмі складанай з’явы, якую зараз называюць Вейшнорыя або Вайшнорыя.
РР: Давайце зараз разбірацца, што гэта? Мара, істэрыя, нейкія гены да сепаратызму ёсць аказваецца з Беларусаў? Бо сапраўды, з’явілася гэтая Вейшнорыя… Прыгадаем, што зараз пачнуцца вучэнні «Захад-2017», вайсковыя ідэолагі прыдумалі сабе такую дзяржаву, якая быццам бы будзе нападаць на саюз Беларусі і Расеі, і назвалі яе Вейшнорыя. А беларусы ў сацыяльных сетках пачалі ствараць пашпарты Вейшнорыі, стварылі гімн, сцяг герб — ну практычна цэлую дзяржаву. Што гэта? Адкуль гэта? Чаму гэта з’явілася менавіта ў гэты час?
— Ну давайце паглядзім на караценькую гісторыю гэтай віртуальнай краіны. Прыдумалі яе ў Генштабе, толькі я не ведаю ў расейскім ці беларускім генштабе, але прыдумалі яе вайскоўцы, якія заўсёды, калі гуляюць ў манеўры, прыдумляюць такую гульню з верагодным праціўнікам. На гэты раз прыдумалі такую віртуальную краіну, у якой яны там будуць ваяваць, або на тэрыторыі якой яны будуць ваяваць, бо ваююць яны там з яшчэ дзвюма краінамі. Але ж, як толькі яны абвясцілі пра гэта, адразу ж, цягам усяго аднаго дня, стварыўся вось такі хайп, драйв з нагоды гэтай Вейшнорыі і пачалі сапраўды ствараць сцягі, прыдумляць сваю гісторыю МЗС ужо стварылі, грамадзянства і так далей. Усё гэта сведчыць толькі пра тое, што Беларусі не хапае драйву, гэтая стагнацыя, застой у грамадскім, палітычным і, не пабаюся гэтага слова, у духоўным жыцці краіны, вядзе да таго, што нават такая нагода сталася падставай для такога хайпу. Драйву для тых, хто засумаваў без двіжухі, без руху. Пры ўсім пры тым, усё гэта — ілюзорнае, бо ў Беларусі зараз, я б сказаў, уздым літаратуры, уздым крэатыўных тэхналогій, ёсць падстава, ёсць глеба для творчасці крэатыву і так далей. Але большая частка грамадзян Беларусі ад гэтага адсунутая. Гэта не з’яўляецца ў сродках масавай інфармацыі, гэта не становіцца інфармацыйнай нагодай, пра гэта ведаюць і гавораць толькі некалькі людзей, невялікая колькасць людзей, а астатняя частка грамадзян харчуецца гэтай жвачкай з дзяржаўных тэлеканалаў, з невыразных інтэрнэт-сайтаў і так далей. Таму такі драйв і здарыўся з нагоды гэтай самай Вейшнорыі. Ну трэба неяк людзям, як кажа сёння моладзь «адцягнуцца». Толькі тут ёсць не толькі весялосць, але і сумныя моманты. Сумныя моманты ад таго, што ў краіне няма больш сур’ёзных і грунтоўных падстаў для двіжухі і тое, што гэта пачынаюць выдаваць за нейкі сепаратызм. Які сепаратызм? Ніякага сепаратызму. Няма нават выразнай тэрыторыі, якую пазначылі вось гэтым неалагізмам Вайшнорыя. Гэта сведчыць не пра сепаратызм, якога няма ў Беларусі. А толькі пра тое, што моладзь ці інтэрнэт-карыстальнікі вырашылі крыху патроліць гэтыя вучэнні. Сапраўдную ж небяспеку ўтвараюць менавіта гэтыя манеўры і невядомыя планы, якія маюць расейскія ваенныя, якіх у Беларусь зараз уводзяць у беспрэцэдэнтнай колькасці. Вось гэта — небяспечна, а ўсё астатняе… Дык а што нам застаецца акрамя таго як троліць гэтыя манёўры і гэтыя задумкі?…
Гутарыў Улад Грынеўскі, пўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя