Пахаванне Віктара Дзясяціка – у нядзелю ў Свіслачы



Смерць Віктара Дзясяціка, свіслацкага актывіста, напярэдадні “Дня герояў”, стала сумнай навіной.

Віктар Дзясяцік  быў адным з арганізатараў ускладання кветак да магілы Віктара Каліноўскага, даглядаў разам з сябрамі памятны крыж паўстанцам 1863-га году ля радавой сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы.

Ён быў добра вядомы і ў Гародні.

Dziasiacik Viktar

Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца:

– Смерць Віктара Дзясяціка – гэта вялізная страта для Свіслацкага грамадскага актыву, бо гэты чалавек быў адным з ініцыятараў, завадатараў грамадскіх кампаніяў, талок, якія праводзіліся ў Якушоўцы па прыбіранню тэрыторыі. Разам з Юрыям Глебікам – адзін з арганізатараў Дня памяці паўстанцаў 1863 году. І так атрымліваецца, што сёлета едзем не на Фэст фактычна, а на пахаванне нашага сябра, грамадскага актывіста, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна”, лідара грамадоўцаў. Гэта быў чалавек “аголены нерв” – ён вельмі востра перажываў усю тую несправядлівасць, якая робіцца наўкола, якой так шмат у нашым жыцці. І, відаць, яго арганізм не вытрымаў гэтай напругі. Гэта быў вельмі энергічны чалавек, вельмі надзейны, гаспадарлівы добры сем’янін, вельмі клапаціўся пра сваю сям’ю – жонку і дачку. Вельмі дбайны гаспадар, але ніколі не шкадаваў свайго асабістага часу, сродкаў сваіх, высілкаў дзеля грамадскай агульнай справы, не быў ніколі абыякавым да таго, што абываецца ў нашай дзяржаве, і на нашай малой радзіме.

Вадзім Саранчукоў, старшыня Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ:

– У маленькіх гарадах усё заўсёды на віду. Свіслач, як маленькі горад, мела сваю каманду – групу людзей, якія засёды шчыра і шчыльна працавалі на ніве Беларушчыны, на ніве Адраджэння. Віктар быў адным з арганізатараў гэтай групы, душой гэтай кампані. Тыя справы, якія яны рабілі, –  і адраджэнне памяці паўстанцаў 1863 года, і ўсе палітычныя кампаніі ў Свіслачы, –  праходзілі з ягоным удзелам і пад ягоным кіраўніцтвам. Гэта сапраўды вялікая страта і для Свіслачы, і для Гарадзеншчыны, і для Беларусі ў цэлым. 55 гадоў – гэта вельмі рана.

Юры Глебік, свіслацкі актывіст:

– Быў чалавек і няма. Усе ў нас шакаваныя. Яшчэ ў сябе не прыйшлі. Чалавек – вулкан, апантаны беларушчынай. Працаваў прадпрымальнікам, з жонкай дачушку выгадавалі, замуж аддалі два гады таму, унукаў не дачакаўся – мроіў пра іх. У 2010 годзе ён быў дэпутатам у Абласны савет, шмат планаў было па развіцці Свіслацкага раёну. Але абставіны склаліся так, што планы засталіся марамі.

Згадвае яго Эдвард Дмухоўскі, прадстаўнік выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка”.

Віктар быў чалавекам з Пушчы, яны там асаблівыя людзі, пра іх не скажаш, што яны “памяркоўныя беларусы”, што іх можна прыкладаць да нейкага месца. Ён меў свой гонар, меў сваю пазіцыю, ацаніць яго дзейнасць можна па тым, што ўся Беларусь ведае пра Свіслач, усе хочуць і любяць туды прыязджаць, і ў гэтым таксама вялікая заслуга Віктара – ва ўшанаванні беларускай памяці пра паўстанцаў, пра пра Каліноўскага.  Шкада, што адыходзяць такія людзі, якіх не сагнеш. Шкада. За апошні час адыйшло шмат такіх людзей.

Віктар Дзясяцік быў актыўным удзельнікам акцыі па адкрыцці “Малога памежнага руху”, у гэтым вельмі зацікаўлены жыхары свіслацкага раёну, які знаходзіцца на памежжы. Таму спрабаваў пайсці ў палітыку, каб гэтыя задумы суграмадзянаў рэалізаваць – ад Свіслацкай Грамады (БСДГ) вылучаўся на выбарах у абласную раду дэпутатаў.

Пахаванне Віктара Дзясяціка пройдзе ў нядзелю ў Свіслачы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя