Стары храм у Перавалоцы



Паглядзець найстарэйшы на Слонімшчыне праваслаўны храм Арханёла Міхаіла ў вёсцы Перавалока паехаў з мясцовым паэтам і журналістам Міколам Канановічам. Вёска ад райцэнтра знаходзіцца вельмі далёка, бліжэй ад яе да Ружанаў – 12 кіламетраў, а да Слоніма больш за 20. Але ехаць на машыне і гутарыць з Міколам Канановічам вельмі прыемна, бо ён родам з вёскі Вострава, а гэта побач з Перавалокай. Многія жыхары Вострава лічаць храм Арханёла Міхаіла астраўскім. І сам Мікола ўсміхаецца і кажа, што храм наш: “Першая згадка пра храм у Перавалоцы адносіцца да 1559 года. Існуе навал паданне, што сённяшні храм быў перавезены з іншага месца за тры кіламетры”.

Мікола распавядае пра стары каменны з крыжамі могільнік, пра тое, што сцяна вакол храма была пабудавана вельмі даўно, бо дзяды і дзядоў дзяды казалі, што заўсёды гэта каменная сцяна ахоўвала храм. “Храм у Перавалоцы перабудоўваўся ў 1740 і 1820 гадах. Апошні раз храм перабудавалі ў 1864 годзе. Якраз пасля паўстання 1863 года, і царква да гэтага часу ў Перавалоцы была ўніяцкай. З 1864 года і зберагаецца яна ў гэтым выглядзе”, – распавядае спадар Мікола.  

У вельмі прыгожым месцы стаіць храм. Вакол цішыня і спакой. На вясковых агародах з боку рачулкі Дэйкі маюцца слаба выражаныя сляды селішча з кружальнай керамікай і шлакам ад выплаўкі ці апрацоўкі жалеза. Другое селішча з позняй ляпной і кружальнай керамікай, а таксама са шлакам ад плаўкі жалеза археолагімі былі выяўлены пры рачулцы Іярданка, на поўнач ад вёскі, якраз паблізу храма.  

Вёска Перавалока вядома была яшчэ з 16 стагоддзя. Гэта было баярскае сяло ў Слонімскім старостве, якое заставалася баярскім і плаціла толькі чынш. І прыгажосцю сяла заўсёды заставаўся гэта стары гістарычны храм.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара