Bulbamovie пакажа 20 фільмаў маладых творцаў



Самы вялікі кінафестываль беларускага кіно сёлета прыняў 69 заявак на ўдзел у конкурсе. І толькі дваццаць адабраных фільмаў змогуць запрэзентаваць кінатворцы.

Кінакрытык Андрэй Расінскі абяцае, што канкурэнцыя будзе гарачай і напружанай:

– Такое вельмі напружанае змаганне паміж стужкамі, вельмі годныя карціны, самыя розныя. Няпроста было выбіраць. Але ёсць з чаго. Кожны можа знайсці  пад сябе – можа знасці цікавыя дакументальныя, можа знайсці караценькія анімацыйныя фільмы – з гумарам і нечаканымі мастацкімі момантамі, можа знайсці фантастыку.

Паказ конкурсных фільмаў распачнецца ў варшаўскім кіно „Muranów” а 13-й гадзіне.

Больш за 60 кінатворцаў падалі заяўкі на ўдзел у сёлетнім фестывалі Bulbamovie. Па словах арганізатараў, канкурэнцыя абяцае быць гарачай. Акрамя таго фестываль распачнецца некалькімі прэм’ернымі паказамі фільмаў, недаступных пакуль што польскаму і беларускаму гледачу.

Кажа кінакрытык Максім Жбанкоў:

– Мяне вельмі захапляе тое, што падчас гэтых паказаў маем сапраўды некалькі моцных прэм’ер. Гэта тое, што жыхары Варшавы па-просту пакуль ня могуць паглядзець нідзе болей. Гэта перадусім фільм Сяргея Лазніцы “Майдан”, гэта прэм’ерны паказ фільма Віктара Аслюка “Рускія”, гэта, натуральна, паказ класіка беларускага кіно Вінаградава “Усходні калідор”. Гэта ўсё вельмі карысныя рэчы, якія складаюць менавіта адукацыйную і інфармацыйную частку фэста.

Адкрыццё фестывалю Bulbamovie адбудзецца ўвечары ў варшаўскім кінатэатры „Muranów” а 19-й гадзіне. Уваход вольны.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя