25 гадоў таму не стала Сяргея Хмары



4 верасня 1992 года ў Таронта (Канада) памёр беларускі паэт, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч і выдавец Сяргей Хмара (Сіняк).

Сяргей Хмара, 1938 г.

Родам Сяргей Хмара (1905-1992) быў з вёскі Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. У пачатку 1920-х гадоў ён наладжвае кантакты з сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі заданнямі ездзіць у Варшаву, Вільню, Слонім. Ён хутка знаёміцца з беларускімі вайскоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі — Рамуальдам Зямкевічам, Гальяшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым. Становіцца адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізоўвае 12 беларускіх школ. А ў сярэдзіне 1920-х гадоў Сяргей Хмара ўступае ў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду. На Слонімшчыне беларускі юнак арганізоўвае 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек.

Вокладка першай кнігі Сяргея Хмары

У 1930 годзе Сяргея Хмару выбіраюць сакратаром пасольскага клуба “Змаганьне” у Пінску, ён спрабуе закласці беларускую гімназію і выдаваць часопіс. Праз год юнак працуе інструктарам Галоўнай Управы ТБШ у Вільні, а яшчэ праз год яго арыштоўвае польская дэфензіва і разам з Браніславам Тарашкевічам саджае ў турму. У час працэсу Грамады польскі пракурор-абвінаваўца назваў Сяігея Сіняка “лятаючым рыцарам Грамады”. Наогул, Сяргей Сіняк пры паляках, пры саветах і пры немцах за сваю актыўную беларускую палітычную і творчую дзейнасць адсядзеў каля 11 гадоў у турмах.

Сяргей Хмара (трэці справа) з беларускімі пісьменнікамі, 1944 г.

Першы надрукаваны верш паэта з’явіўся ў газеце “Беларуская крыніца” у 1925 годзе. Ён меў назву “Годзі, мы доўга цярпелі, мы доўга хадзілі ў ярме”. А праз тры гады паэты і празаікі Заходняй Беларусі выдаюць у Вільні зборнік “Рунь веснаходу”, дзе побач з вершамі Хведара Ільяшэвіча, Наталлі Арсенневай, Міхася Васілька, Яўгена Бартуля і іншых аўтараў надрукаваны і творы Сяргея Хмары-Сіняка. А вось першыя паэтычны зборнік “Бунтарнае” і кніга прозы “Шляхам барацьбы” загінулі падчас ліквідацыі выдавецтва “Рунь”. Але ў 1939 годзе першая кніга вершаў “Жураўліным шляхам” Сяргея Сіняка пад псеўданімам Хмара ўсё ж пабачыла свет у Вільні. Зборнічак быў невялікі, ён налічваў усяго 24 вершы. Паэт шчыра апісваў жыццё сваіх землякоў з яго праблемамі і традыцыямі. Цікава і дасціпна паказаў вобразы землякопаў і краўчых, а таксама вобраз беларускай вёскі. У 1937 годзе Сяргей Хмара ў Дзятлаве арганізоўвае літаратурную сустань “Маладая Ўскалось”. Плануе разам са сваімі равеснікамі і старэйшым слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам выдаваць аднайменны літаратурны часопіс. Але палякі не дазволілі. Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, Сяргей Хмара жыве ў Слоніме. Праз два тыдні яго арыштоўваюць органы НКУС і саджаюць у мінскую турму, а пасля пераводзяць у Чэрвень. З пачаткам вайны арыштаваных з Чэрвеня гоняць пехатою ў Магілёў. Па дарозе Сяргею Хмары ўдаецца ўцячы і ён вяртаецца ў акупаваны немцамі Слонім. Прыдбаўшы невялікую кніжную краму, ён прадае беларускія часопісы, газеты і кнігі, прымае ўдзел у выданні газеты “Слонімскі кур’ер”, выступае на мясцовым радыё. Акрамя гэтага юнак арганізоўвае брыгаду Беларускай Самапомачы. Але пасля таго, як гэтая брыгада адмовілася ўдзельнічаць у грабяжах гета, яна была немцамі ліквідавана, а Сяргея Хмару зноў пасадзілі ў турму (дзякуючы сябрам праз пэўны час яго вызвалілі).

Сяброўскі шарж на Сяргея Хмару

У 1944 годзе Сяргей Сіняк едзе ў Германію, баючыся, што пасля яе капітуляцыі, ён зноў трапіць у засценкі НКУС. Спачатку працуе дырэктарам Беларускага інфармацыйнага бюро, а пасля рэдактарам газеты “Голас беларусаў”. Ужо тады ён пачынае адраджаць літаратурную сустань, але на гэты раз не маладой, а “Баявой Ўскалосі” са знакам “Двупагоняй” г. з. з абаронай Беларусі з Захаду і з Усходу. Па-ранейшаму піша вершы і выдае свой другі зборнік паэзіі “Мы”. Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя ў 1920-1930-х гадах, а таксама новыя, у якіх адчуваецца настальгія па Бацькаўшчыне і сум развітання з ёю. З Германіі яго шлях ляжыць у Канаду ў Таронта, дзе і пражыў ён усё сваё жыццё.

Часопіс Сяргея Хмары Баявая Ўскалось

У Таронта Сяргей Хмара найперш займаўся выдавецкай дзейнасцю. Выдаў там 18 нумароў часопіса “Баявая Ўскалось”, а таксама каля 370 нумароў газеты “Беларускі голас”. Апошнія два нумары выйшлі з друку пад назваю “Водгаласы”. Усе гэтыя выданні выдаваў ён за свой асабісты кошт. Многія беларускія суайчыннікі на эміграцыі крытыкавалі Сяргея Хмару за тое, што ён шмат у сваіх выданнях пісаў пра сябе, пра сваю сям’ю, публікаваў у кожным нумары свае здымкі. Але яму гэта можна сёння дараваць, тым больш, што гэта былі яго ўласныя выданні. У Канадзе ён яшчэ стварыў Канадскі клуб этнічных журналістаў і пісьменнікаў, выдаў кнігі “Аб багох крывіцкіх сказы” (1946, 1948, 1986)і “Сказы Бацькаўшчыны” (1949). У 2009 годзе Сяргей Чыгрын са Слоніма сабраў і выдаў у мінскім выдавецтве “Кнігазбор” асобнай кнігай выбраныя творы Сяргея Хмары “Рабінавы хмель”.

Магіла Сяргея Хмары на York cemetеry у Таронта

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара