Пуцін як «вялікі настаўнік вайны»: інтэрв’ю з Паўлам Ковалем



Ці выгадны Лукашэнка для Польшчы ды іншых еўрапейскіх краін? І ў чым асноўная небяспека беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017”?

Пра гэта ды іншае гутарым з польскім гісторыкам і палітолагам Паўлам Ковалем.

Павел Коваль (Фота pawelkowal.pl)

РР: Беларуска-польскія стасункі, як эканамічныя, так і палітычныя, апошнім часам даволі актыўна развіваюцца. На мінулым тыдні завяршыўся афіцыйны візіт чарговай польскай дэлегацыі ў Беларусь, гэтым разам на чале з віцэ-маршалкам польскага Сейма Рышардам Тарлецкім. Той, між іншым, адзначыў, што ва ўзаемных дачыненнях сярод галоўных тэм стаяць эканамічныя. Наколькі вы лічыце апраўданай такую палітыку польскага ўраду, і ці лічыце патрэбным падтрымліваць актыўныя польска-беларускія міжпарламенцкія кантакты?

Цяперашняя палітыка звязаная з рэальным станам рэчаў. Ранейшая палітыка Еўразвязу, у тым ліку і Польшчы, скіраваная на ізаляцыю беларускага парламенту і беларускіх уладаў, не дала чаканага эфекту. Гэта значыць, што мы цяпер назіраем за працэсам пошуку нейкай іншай мадэлі палітыкі – прагматычнай, скіраванай на рэалістычныя мэты, канкрэтныя, гаспадарчыя. Думаю, што можам казаць пра новую палітычную спробу наладжвання стасункаў. Хоць цяжка гэта цяпер ацэньваць. Адзінае, што магу пракаментаваць гэта тое, што цяперашнія польска-беларускія стасункі гэта рэакцыя на адсутнасць поспехаў у ранейшай еўрапейскай палітыцы ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

РР: Але такая палітыка і так не дапаможа вырашаць палітычныя праблемы, а нават і сітуацыю з польскай нацыянальнай меншасцю ў Беларусі, з польскімі школамі ў Гародні і Ваўкавыску…

Я думаю, што ў асяроддзі польскіх палітыкаў ёсць разуменне таго, што гэтая палітыка таксама рызыкоўная. Канешне, у некаторых ёсць наіўныя спадзяванні, але большасць каментатараў і экспертаў дасканала разумеюць, што палітыка дыялогу – рызыкоўная. Чаму? Таму што ў сваіх падставах яна залежыць ад Уладзіміра Пуціна. Звярніце ўвагу на тое, што было сёлета ў лютым, сакавіку, красавіку ў Беларусі. Аказалася, што спроба дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі можа быць вельмі рэальнай. Абапіраючыся на грамадскія пратэсты, не палітычныя, але, напрыклад, сацыяльныя, звязаныя з новымі падаткамі, можа істотна вырасці агульны ўзровень пратэстных настрояў. Можа не ўсе будуць пратэставаць, але дастатковая колькасць людзей, каб зрынуць рэжым Лукашэнкі. Але ў той момант, калі Лукашэнка толькі адчуе для сябе небяспеку, з пэўнасцю можна сказаць, што ён зверне свой погляд у бок Расеі, не будзе аглядацца на любыя іншыя абавязацельствы. Таму ўся гэтая палітычная канструкцыя, якая існуе на сённяшні дзень, яна абапіраецца на рызыку, але які ўсё ж будзе яе вынік, мы зможам ацаніць толькі праз нейкі час.

РР: Цяпер шмат гаворыцца пра вайсковыя вучэнні «Захад-2017», якія стартуюць 14 верасня. Ужо значная колькасць расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Наколькі вы лічыце перасцярогі польскага і літоўскага грамадства наконт таго, што расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі, абгрунтаванымі?

Гэтыя фіктыўныя дзяржавы, якія прыдуманыя ў легендзе вучэнняў, яны маюць пэўныя рысы Літвы, Польшчы, а можа нават і Украіны. І яны паказваць акурат на няўстойлівасць палітыкі Лукашэнкі, паколькі яна цалкам залежыць ад кнопкі, якая знаходзіцца ў руках Пуціна. Менавіта Пуцін можа націснуць кнопку і прыняць рашэнне пра тое ці іншае развіццё падзей. У гэтым канкрэтным выпадку, напрыклад, пра тое, што расейскія войскі застануцца на тэрыторыі Беларусі, каб абвастрыць вайсковае напружанне. Мы цяпер маем новы палітычны кантэкст, існуе вялікае напружанне ў амерыкана-расейскіх стасунках. І ў гэтай сітуацыі Крэмль будзе шукаць новых абшараў, якія б выконвалі фунцыю плацдарма для адвечнай вайны Расеі з Захадам. І Беларусь акурат надаецца на такую функцыю. Мне здаецца, што гэтым разам расейскія войскі ў большасці сваёй пасля вучэнняў пакінуць Беларусь, але і так бачна, што ў кожны момант Расея можа выкарыстаць Беларусь як чарговае поле для “бітвы” з Захадам.

РР: Варта звярнуць увагу на тое, што сярод расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вучэннях “Захад-2017” ёсць і тыя, якія ваявалі ў Крыму і на Данбасе, а яшчэ раней у Абхазіі…

Гэта чарговая рэч, якая выклікае нашу занепакоенасць, паколькі дэманструе, наколькі вайна ёсць істотнай у палітыцы Расеі. І тут не ідзе гаворка толькі пра вайну на тэрыторыі Расеі, або на тэрыторыі былога СССР. Ідзе пра чарговы сігнал Захаду. У гэтым кантэксце Уладзімір Пуцін выступае як “вялікі настаўнік вайны”, які ўтрымлівае пастаянны стан напружанасці сярод сваіх грамадзян і сярод грамадзян іншых краін.

РР: Зыходзячы з усяго сказанага выходзіць, што і для Захаду, і для Польшчы, больш выгадна, каб Лукашэнка пакуль заставаўся пры ўладзе?

Цяжка гэта сказаць. Безумоўна адно, што ён не з’яўляецца аптымальным рашэннем, паколькі з аднаго боку, фактычна, дае пачуццё стабілізацыі, але з іншага – стратэгічна аслабляе беларускае грамадства, паколькі не дае яму магчымасці развівацца.

Варта дадаць, што Польшча традыцыйна знаходзіцца сярод галоўных эканамічных партнёраў Беларусі: летась таваразварот паміж краінамі склаў два мільярды даляраў. У перспектыве плануецца яго павялічыць да трох мільярдаў.

Аднак у палітычнай сферы застаюцца вялікія праблемныя пытанні, якія цяперашні польскі ўрад пакуль спадзяецца вырашаць з дапамогай дыялогу.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Гутарыла Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя