У Беларусі пачала працу новы пасол Швецыі



Новы пасол Швецыі Крысціна Ёханэсан пачала працаваць у Беларусі. „Пасол прыехала, з панядзелка пачала працаваць. Заўтра будзе ўручаць даверчыя граматы”, — паведамілі БелаПАН у пасольстве Швецыі.

Да прызначэння ў Менск Ёханэсан працавала ў прадстаўніцтве Швецыі пры Еўразвязе ў Бруселі. Яшчэ раней яна працавала ў генеральным консульстве Швецыі ў Санкт-Пецярбургу і ў шведскім пасольстве ў Маскве.

У Беларусі Крысціна Ёханэсан змяніла Марціна Оберга, які працаваў на пасадзе часовага паверанага (з ліпеня 2013 года), а затым — пасла (з красавіка 2015 года). Ён стаў першым кіраўніком дыпмісіі, акрэдытаваным у Беларусі пасля скандалу паміж Менскам і Стакгольмам у 2012 годзе.

Прычынай абвастрэння дачыненняў паміж Беларуссю і Швецыяй стала акцыя супрацоўнікаў шведскай кампаніі Studio Total, якія 4 ліпеня 2012 года на лёгкаматорным самалёце на гранічна малой вышыні перасеклі дзяржаўную мяжу Беларусі з боку Літвы і скінулі на беларускую тэрыторыю больш за 800 плюшавых медзведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі.

Неўзабаве пасля гэтага беларускія ўлады адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, абвінаваціўшы яго ў дэструктыўнай дзейнасці. 30 жніўня 2012 года пасольства Швецыі ў Менску было закрыта. У адказ шведскія ўлады адмовіліся прымаць у сябе новага пасла Беларусі і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. Пасля закрыцця дыппрадстаўніцтваў функцыі пасольства Швецыі ў Менску выконвала пасольства Эстоніі, а беларускага пасольства ў Стакгольме — дыппрадстаўніцтва Латвіі.

Вясной 2013 года Беларусь задаволіла просьбу шведскага боку аб акрэдытацыі ў Менску часовага паверанага.

БелаПАН

Фота: Mshu.edu.ru