Вольга Нікалайчык: Уладная тыранія руйнуе і нішчыць чалавечыя лёсы!



Так сталася, што за пару дзён да затрымання Вольгі Нікалайчык журналіст нашага радыё сустрэўся з ёй і ўзяў інтэрв’ю. 

Нягледзячы на тое, што днямі валанцёр форуму “Свабоду палітвязням!”, грамадская актывістка і кінадакументаліст Вольга Нікалайчык са сваімі гасцямі не змаглі паўдня выйсці з яе аднапавярховай драўлянай хаты, бо з ночы яна аказалася звонку зачыненай на жалезную засаўку – пры тым, што вокны ад магчымых візіцёраў са спецслужбаў альбо нанятых тымі алкаголікаў ці крымінальнікаў даўно закалочаныя. Адразу пасля “вызвалення” яна выступіла з заявай, што будзе і надалей браць удзел у акцыях незалежных прафсаюзаў і апазіцыі супраць расейскага ваеннага пранікнення ў Беларусь. А таксама ў абарону не толькі вызначаных цэнтрам “Вясна” трох, але 11, паводле “Свабодзе палітвязням!” палітычна зняволеных. Маўляў, крытэрыі вызначэння апошніх даўно трэба мяняць.

На сустрэчу Вольга Нікалайчык прыйшла ўжо са сваёй паплечніцай і сяброўкай Кацярынай Садоўскай. Разам яны стварылі фактычна міні-рух, дзе  дапамагаюць і ахвярам  бяздушнасці ды абыякавасці дзяржавы і яе чыноўнікаў. І тыя самі  становяцца змагарамі за сацыяльную справядлівасць. Так адбылося з пенсіянеркамі Таццянай Кузьменкай з Полацка ды Тамарай Гулезавай з Менску, што прыйшлі разам. Між іншым, дагэтуль усім было адмоўлена ў сустрэчы ў грамадскай прыёмнай Савета міністраў, куды іх раней запісалі. Нікалайчык толькі ўсміхалася – маўляў, не першы раз! Запішамся, да прыкладу, на прыём да міністра аховы здароўя – як пабачаць “знаёмыя” прозвішчы, дык “не прыёмны дзень”! Кажа – не прызвычаіліся ТАКУЮ праўду слухаць. Вольга візітуе першую “падабаронную”:

Нікалайчык: У Таццяны Кузьменкі, што адпрацавала ўсё жыццё на малочным камбінаце, 50-гадовы сын-наркаман. Удзельнічаў у вырабу марыхуаны, што таемна вытваралася ў развалах былой панскай сядзібы ў падпольная лабараторыі. Яна высачыла яе і сама “здала” ў міліцыю – як лічыла, дзеля выратавання сына? Пры чым, як бачыце ніжэй на фота – усё было прызнанае міліцэйскім начальствам і пасля, кажуць, нават пэўныя “шышакі” страцілі пагоны.

Садоўская: Кузьменка да мяне па дапамогу звярнулася ў 2013 – пасля таго, як паводле яе інфармацыі, была праведзеная праверка і выяўленыя месцы збыту наркотыкаў. Ёсць папера, што гэта пацвярджае, за подпісам Данькова, тагачаснага начальніка крымінальнай міліцыі, першага намесніка начальніка Віцебскага аблўпраўлення  ўнутраных спраў. Атрымліваецца, яны атрымалі ўхвалы і ўзнагароды, а пасля зрабілі яе недзеяздольнай – хіба для таго, каб яна надалей не ўскрывала наркалабараторыі, што яны “крышуюць”?!

Кацярына Садоўская

Пытаю сп. Кузьменку пра тое, як усё было і які  цяперашні стан яе спраў.

Кузьменка: Гэты ярлык мне прысудзілі завочна, нават не выклікаўшы ў суд. Да мяне прыязджалі галоўныя ўрачы Полацкай бальніцы Гудкоў і псіхбальніцы Сяргей Пашкоўскі. Ламалі дзверы, каб забраць мяне ў „псіхушку”.

РР: Але паколькі дыягназ фармальна пастаўлены, Вы не можаце атрымліваць пенсіі?

Кузьменка: Не атрымлівала паўгода! Яны ўзялі ў сына-наркамана подпіс на згоду стаць маім апекуном (! ) А ён не прыносіў мне пенсію, прапіваў і трапіў нават у медвыцвярэзнік. Пакуль мае добрыя сяброўкі не склалі паперы ў інстанцыі, што ён не мае аніякага права на апякунства. Пры тым, што ён мяне неаднаразова збіваў… Цяпер – вось яго папера з рэйсамі аўтобусаў – ён ездзіць у Астравец “будаваць АЭС”! Толькі здагадваюся ШТО ён туды возіць. Тым часам, з такімі  ж як сам, распатрашыўшы і пакраўшы ўсё ў доме і на лецішчы. Дрэвы ўсе папалілі сваёй “кіслатой”! Дамагаемся зараз зняцця недзеяздольнасці…

Таццяна Кузьменка

РР: Якая ж выгода ўладзе рабіць з Таццяны Анфілаўны псіхічна хворую?

Садоўская: Заявы пра тое, што сын вырабляе і распаўсюджвае наркотыкі, яна пісала з 2012 года. За гэта, як мы адкрыта кажам,  ўлашчаныя віцебскія нарколагі пасля “дыягназу” міліцыянтаў прызналі яе псіхічна хворай. Трымалі яе спачатку ў Віцебскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. Пасля зноў з нашай дапамогай стала пісаць “у інстанцыі”. У сталіцы Кузьменку на вачах у людзей злавілі і, насільна запіхнуўшы ў “уазік”, адвезлі ў Навінкі. Людзям, што спрабавалі стаць у яе абарону, сказалі – “яна чалавека забіла”. Вы ж паглядзіце на яе – у чым душа трымаецца!

Нікалайчык: У Навінках праз тыдзень мы яе знайшлі “абдураную” лекамі і адтуль выцягнулі – яе забраў брат-апякун. Тамашнія ўрачы да яе прэтэнзій не мелі, але  дыягназ “шызафрэніі” ды “недзеяздольнасці” хоць не пацвердзілі, але і не знялі.  Ён жа быў пастаўлены ў Полацку!

РР: А ці ёсць магчымасць правесці незалежную псіхіятрычную экспертызу?

Нікалайчык: Трэба ехаць у Польшчу або ў Маскву, ў асацыяцыю незалежных псіхатэрапеўтаў, што для нас невымерна дорага каштуе. Тым больш, у Беларусі іх даведка не будзе мець юрыдычнай сілы – хіба пакажа амаральнасць нашай міліцэйскай і ўрачэбнай сістэмы. Яна мусіць тут легчы і атрымаць заключэнне – без аніякіх гарантый, што яно будзе аб’ектыўным…

Вольга прадстаўляе наступную суразмоўцу, таксама пенсіянерку – “вельмі шаноўную сяброўку нашу Тамару Васільеўну Гулезаву з Менску”. Журналіст па прафесіі – яе кнігі выходзілі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Рабіла без лекалаў ўнікальныя вышыванкі. Усё згарэла разам з хатай па віне супрацоўнікаў ЖЭСа. Але апошнія адмаўляюцца кампенсаваць страты. Далейшая размова была перапыненая болямі ў сэрцы спадарыні Тамары. Ачуняўшы, яна кажа:

Гулезава: Зараз я жыву на папялішчы – вакол толькі смецце і абломкі, праз якія я скачу. Зайсці і выйсці ў кватэру пасля пажару немагчыма. Лядоўня не працуе. Пішу, трымаючы паперу ў руках і седзячы на маленькай табурэтцы. Пры тым, што спачатку спрабавалі абвінаваціць мяне ў падпале, пакуль не даказала, што ў гэты час мяне ў хаце не было. Паводле іх логіцы, раз так – я і “вінаватая, што не прадухіліла пажар”. Гэта нават не тэатр абсурду – маразм і … подласць. І я далучылася да валанцёрскага руху, бо хачу данесці ЎСІМ, што ў гэтай дзяржаве такая бяда можа зрабіцца з кожным! Таму трэба разам яднацца, ісці на вуліцы і плошчы. Хай нас збіваюць і калечаць, але мусім дамагчыся таго, каб улада стала прымальнай!

Тамара Гулезава

Час ад’езду на АЭС рукой сына Кузьменкі

дакументы па справе Кузьменкі

Нікалайчык: Мы ахвяраў улады, якіх прадставілі, не разглядаем як палітычных. Але такіх як яны, у сённяшняй Беларусі процьма! Іх лёсы руйнуюцца і нішчацца, законы круцяць так, каб абслугоўвалі прыўладныя банды. І нікога не цікавіць, што гэта людзі заслужаныя, усё жыццё чэсна адпахалі! Мы расказваем пра іх праз СМІ, як зараз. Але часцей не можам выцягнуць з турмы, паставіць правільны дыягназ. Хоць зрэдку атрымліваецца, як з Андрэям Бандарэнкам, вызвалення якога дабіліся. Выходзілі ў часе знаходжання місіі АБСЕ з патрабаваннем выпусціць з-за кратаў былых сяброў “Белага легіёна”. Паліенку калісьці выцягнулі, пасля таго зноў засадзілі, але мы і надалей змагаемся за яго…

Між іншым, арганізатары ды валанцёры форуму “Свабоду палітвязням” выказалі намер выходзіць наўпрост на міжнародныя праваабарончыя арганізацыі для  арганізацыі ахвярам рэпрэсій прававой і фінансавай дапамогі.

Падрабязней – у далучаным гукавым файле.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара