Праваслаўнаму брацтву ў гонар Віленскіх пакутнікаў – 25 гадоў
Дваццаць пяць гадоў спаўняецца праваслаўнаму брацтву з Менска ў гонар трох святых Віленскіх пакутнікаў. Асноўная дзейнасць брацтва – гэта правядзенне выдавецка-асветніцкай дзейнасці. Кажа Таццяна Матрунчык – прадстаўніца гэтага брацтва.
– Першымі нашымі выданнямі былі ў 1993 годзе «Беларускі праваслаўны каляндар» і часопіс «Праваслаўе». Тады ён называўся «Праваслаўе ў Беларусі і свеце». І з таго часу мы штогод выдаём «Беларускі праваслаўны каляндар» і гэты часопіс – гэта нашы асноўныя, традыцыйныя выданні. Акрамя таго, брацтва вядзе даследчыцкую дзейнасць па гісторыі праваслаўя ў Беларусі, па асвятленні жыцця і дзейнасці беларускіх праваслаўных дзеячаў.
На думку Таццяны Матрунчык, асаблівай папулярнасцю карыстаецца выданне брацтва пад назвай „Святыя зямлі беларускай”. Пад вокладкай сабраны ўсе жыццеапісанні кананізаваных беларускай Праваслаўнай царквою святых. Таксама брацтва займаецца перакладамі малітваў на родную мову з царкоўнаславянскай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Sobor.by