НАТА: Сцэнар вучэнняў „Захад-2017” уключае наступальныя элементы



Сцэнар расейска-беларускіх сумесных ваенных вучэнняў „Захад-2017” уключае наступальныя элементы, але непасрэднай пагрозы краінам НАТА не ўяўляе. Такое меркаванне выказаў, адказваючы на пытанне БелаПАН, дырэктар падраздзялення абароннай палітыкі і магчымасцяў НАТА Ціма С. Косцер 7 верасня ў польскім горадзе Крыніца-Здруй, дзе праходзіць XXVII эканамічны форум.

Паводле слоў прадстаўніка НАТА, калі Расея праводзіць манеўры на заходнім напрамку, яна заўсёды ўтойвае іх рэальныя маштабы і паведамляе аб меншай колькасці задзейнічаных людзей. „Накрэслены сцэнар істотна адрозніваецца ад таго, што мяркуецца”, — падкрэсліў Косцер.

Ён канкрэтызаваў, што вучэнні ўключаюць наступальныя элементы і перакідку ваенных бліжэй да Калінінграда. „Мы не лічым гэтыя вучэнні непазбежнай пагрозай для сябе, але вельмі ўважліва сочым за гэтым, вельмі шмат назіраем”, — сказаў прадстаўнік альянсу.

У сваю чаргу віцэ-міністр абароны Літвы Гедрымас Еглінскас адзначыў, што літоўцы „ніколі не адчувалі сябе больш бяспечна, чым сёння”, дзякуючы размяшчэнню на сваёй тэрыторыі ваеннага кантынгенту ЗША і падтрымцы з боку НАТА. „Вядома, пэўны неспакой прысутнічае. Падчас вучэнняў ваенныя напэўна будуць сачыць і перадаваць інфармацыю — гэта нармальныя дзеянні, нармальная стратэгія. Але мы павінны проста быць пільнымі”, — падкрэсліў віцэ-міністр.

Сумесныя расейска-беларускія стратэгічныя вучэнні „Захад-2017” пройдуць з 14 па 20 верасня. Агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэннях, паводле афіцыйных дадзеных, складзе каля 12.700 вайскоўцаў. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана каля 10.200 чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тыс., ад Расеі — каля 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.

Як заявіў 29 жніўня на брыфінгу ў Менску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў, падрыхтоўка да вучэнняў „праходзіць ва ўмовах няпростага ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне”.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў каля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы — у краінах Балтыі і Польшчы — створаны перадавыя камандныя цэнтры НАТА, з 25 тыс. да 40 тыс. чалавек вырасла колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА, чатыры шматнацыянальныя батальённыя тактычныя групы альянсу прыведзены ў поўную аператыўную гатоўнасць. У Польшчы разгорнута танкавая брыгада ЗША. Паводле слоў Белоконева, агульная колькасць толькі замежных вайсковых кантынгентаў у Польшчы і краінах Балтыі складае каля 8 тыс. вайскоўцаў, 72 танкі, каля 250 баявых браніраваных машын, 16 гаўбіц і 17 верталётаў.

belapan.com