Затрыманы шэраг беларускіх топ-менеджараў
Следчым камітэтам Беларусі прынятая да вытворчасці крымінальная справа, пачатая дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў дачыненні да бізнесмена Юрыя Авяр’янава і шэрагу кіраўнікоў камерцыйных структур. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Паводле яе інфармацыі, крымінальная справа расследуецца ў сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў суб’ектамі гаспадарання. „Па падазрэнні ва ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў узяты пад варту шэсць чалавек, у тым ліку дырэктары ЗАТ „Гандлёвы свет — „Кальцо” і ТАА „Парк забаў Дрымлэнд”, кіраўнік Madison Royal Club. Праводзіцца расследаванне”, — адзначыла Ганчарова.
Юрый Авяр’янаў — адзін з першых беларускіх бізнесменаў і даляравых мільянераў. Яго асноўнымі актывамі з’яўляюцца кампаніі „Інтэкс”, „Ростэм” і „Гандлёвы свет — „Кальцо”. Першая кіруе Madison Royal Club. Другая ўключае ў сябе рынак будаўнічых матэрыялаў у сталічным мікрараёне Уручча, парк забаў „Дрымлэнд” і філіял „Аграфірма „Ілья”. Трэцяя аб’ядноўвае аўтамабільны і будаўнічы рынкі ў сталічным мікрараёне Малінаўка.
Некалькі гадоў таму Авяр’янаў спрабаваў пашырыць свой бізнес. У прыватнасці пачаў будаўніцтва аквапарку ў „Дрымлэндзе”. Асноўным крэдыторам праекта выступіў „БПС-Ашчадбанк”. Будаўніцтва аб`екта і яго запуск супалі з крызісам, які зрабіў пазыковыя рэсурсы непад’ёмнымі і не дазваляў бізнесмену зарабіць дастаткова сродкаў, каб разлічыцца з крэдыторамі.
Пасля Юрый Авяр’янаў, які заграз у даўгах, пакінуў краіну і пасяліўся ў Еўропе. У перапісцы з інтэрнэт-газетай БелаПАН Naviny.by ён абвінаваціў „БПС-Ашчадбанк” у рэйдарскім захопе сваіх кампаній. У банку паведамілі, што кампанія „Ростэм” неаднаразова парушала абавязацельствы па пагашэнні запазычанасці, таму было ініцыявана спагнанне ў прымусовым парадку.
У снежні 2016 года ЗАТ „Ростэм” было прызнана банкрутам. Пачаўся працэс санацыі. У траўні 2017 года таксама была распачатая справа аб банкруцтве ЗАТ „Гандлёвы свет — „Кальцо”, якое выступіла паручыцелем па крэдыце кампаніі „Ростэм”.