Бізнес-супольнасць занепакоена ануляваннем здзелак прадпрымальнікаў
У беларускія бізнес-саюзы звярнуліся кампаніі, законныя здзелкі якіх за апошнія 10 гадоў заднім лікам былі ануляваныя. Такая сітуацыя негатыўна адбіваецца на дзелавым клімаце ў краіне, заявілі прадстаўнікі трох бізнес-асацыяцый Беларусі.
Як растлумачылі прадстаўнікі бізнес-асацыяцый, сённяшняя практыка такая, што ў выпадку прызнання арганізацыі лжэпрадпрымальніцкай структурай усе яе здзелкі за ўвесь перыяд дзейнасці анулююцца. Кантралюючыя органы паведамляюць аб гэтым добрасумленным прадпрыемствам, з якімі былі заключаны здзелкі, і выстаўляюць ім у тым ліку штрафныя санкцыі.
„Да нас звярнулася кампанія, якая 27 гадоў працуе на беларускім рынку. Ёй заднім лікам налічылі 35 тыс. рублёў штрафных санкцый і каля 65 тыс. рублёў пені з-за таго, што контрагенты па здзелках 2007—2012 гадоў цяпер прызнаныя лжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Пры гэтым пад увагу падатковыя органы не прымаюць наяўнасць першасных дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць заключэння здзелкі на момант яе здзяйснення„, — расказаў фінансавы дырэктар Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Анатоль Гольдберг.
З аналагічнымі выпадкамі сутыкнуліся і іншыя прадпрымальнікі. „У далёкім 2013 годзе наша прадпрыемства купіла багет для вытворчасці багетных рамак, якія былі вырабленыя і праз нашу сетку рэалізаваныя„, — паведаміў Леў Карпач, генеральны дырэктар кампаніі „Вілія”, якая аказвае па ўсёй краіне фотапаслугі насельніцтву і арганізацыям.
Паводле яго слоў, да гэтага года ніякіх пытанняў з-за здзелкі чатырохгадовай даўніны ў фотапрадпрыемства не было.
„У 2017 годзе мы даведваемся, што кампанія, у якой мы калісьці купілі багет, у 2014-м была ўключана ў рэестр ілжэпрадпрымальніцкіх структур. Адпаведна, таварная здзелка чатырохгадовай (!) даўніны, па якой у нас захаваліся ўсе першасныя дакументы, была прызнаная лжэздзелкай, то бок ануляваная, а мы абавязаныя даплаціць падаткі„, — паведаміў Карпач.
Паводле дадзеных бізнес-саюзаў, колькасць выпадкаў, калі добрасумленныя кампаніі атрымліваюць паведамленне аб незаконнасці мінулых здзелак, расце.
„Кампанія, якая да нас звярнулася, закупіла сервер для сваёй дзейнасці ў 2015 годзе ў арганізацыі, якая ў 2016 годзе была прызнана лжэпрадпрымальніцкай структурай. У сувязі з гэтым, нягледзячы на наяўнасць першасных дакументаў аб набыцці сервера, здзелка 2015 года прызнаная заднім лікам несапраўднай, а пакупніку камп’ютарнага абсталявання выстаўлены рахунак на велічыню нібыта нявыплачаных падаткаў„, — паведаміла дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.
Бізнес-саюзы занепакоеныя такімі выпадкамі. „Мы не спрачаемся, што трэба змагацца з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Вядома, павінна быць для гэтага нарматыўная база, але з-за яе прымянення не павінны пакутаваць добрасумленныя прадпрымальнікі„, — падкрэсліў у каментары старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.
На яго думку, механізмы, якія дазволяць выключыць адказнасць добрасумленных прадпрымальнікаў за дзеянні нядобрасумленных удзельнікаў рынку, трэба ўкараняць.
„У прадпрымальнікаў, на наш погляд, павінна быць магчымасць запытваць у афіцыйных базах дадзеных інфармацыю аб лжэпрадпрымальніцкіх структурах і падазроных удзельніках рынку. Калі на запыт прыходзіць адказ, што контрагент не знаходзіцца ў чорных спісах, то ўсе сённяшнія здзелкі, заключаныя з ім, павінны лічыцца законнымі і праз тры гады, і праз пяць гадоў„, — падкрэсліў Швец.
На думку бізнес-саюзаў, калі існуючыя метады барацьбы з ілжэпрадпрымальнікамі захаваюцца, дзелавы клімат у краіне нельга будзе лічыць спрыяльным.
„З аднаго боку, пакет дакументаў па стымуляванні дзелавой ініцыятывы, які плануецца прыняць да 1 кастрычніка, закліканы стымуляваць дзелавую ініцыятыву. Аднак калі ўсе будуць бачыць дамоклаў меч, які выражаецца ў тым, што законныя здзелкі праз некалькі гадоў могуць быць прызнаныя незаконнымі, то такая перспектыва будзе адпужваць людзей ад вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці”, — лічыць Жанна Тарасевіч. БелаПАН