Праваабаронца Сяргей Гоўша змагаецца за дамову па-беларуску



Баранавіцкая жыллёва-эксплутацыйная арганізацыя ўпарта не хоча заключаць па-беларуску дамову на тэхнічнае абслугоўванне, як таго патрабуе адзін з яе кліентаў Сяргей Гоўша.

Не зважаючы на  вусны зварот пра жаданне мець дамову на роднай мове, кіраўніцтва арганізацыі прыслала праваабаронцу па пошце бланк дамовы па-расейску.

Што моцна абурыла Сяргея Гоўшу. І ён звярнуўся з заявамі на імя кіраўніцтва гэтай і вышэйстаячай арганізацый, дзе паўтарыў сваю просьбу пра дамову на беларускай мове, кажа Сяргей Гоўша:

—  Маё патрабаванне законнае і калі ласка выконвайце яго. І накіраваў гэтыя лісты з заявамі. Я на гэтым не спынюся, я свайго буду дамагацца, бо мы жывем у Беларусі, мая родная мова — беларуская. Па Канстытуцыі, як лічыць Лукашэнка, беларуская мова роўныя расейскай. Дык вось мы паглядзім, якая ў нас роўнасць моў.

Паводле Сяргея Гоўшы, раней у жыллёва-эксплуатацыйнай установе гаварылі, што не маюць бланкаў на беларускай мове. А бланкі дасылае Міністэрства.

Праваабаронца праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяргей Гоўша з Баранавіч гадоў 20 змагаецца з уладамі за вядзенне справаводства на беларускай мове. Але, каб дамагчыся станоўчага выніку, яму прыходзіцца шмат пісаць, траціць свайго асабістага часу, пераадольваючы бюракратычныя бар’еры. Як гэта было з судамі, з Міністэрствам замежных спраў і Брэстгіпраземам.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым фалйе:

Беларускае Радыё Рацыя