Ці патрэбна спорту палітычнае апякунства?
Палітык і спартовы заўзятар Андрэй Дзмітрыеў распавядае пра тое, ці залежаць вынікі спартсменаў ад пільнага апякунства вышэйшага кіраўніцтва.
Беларускі кіраўнік з рэгулярнай перыядычнасцю “наводзіць парадак” у спорце, хаця, як паказвае практыка, толку ад гэтага практычна ніякага. Учора Аляксандр Лукашэнка ізноў “прайшоўся” па футбалістах і хакеістах, патрабуючы ад іх выніку. Але выніку няма ўжо даўно. І не толькі ў спорце.
Андрэй Дзмітрыеў: Калі вышэйшае кіраўніцтва ладзіць спартсменам і спартыўным чыноўнікам “разносы”, такое, можа быць, і мае права на жыццё, але ж, як мне падаецца, сутнасць праблемы не там шукаюць. Напрыклад, у вёсцы, дзе я жыву, футбольнае поле, на якім маглі б гуляць дзеці, парасло быллём. І калі мы паднялі пытанне, каб прывесці поле ў парадак, нам сказалі, што гэтая праблема не прыярытэт. Таму няхай Аляксандр Лукашэнка найперш запытае ў сябе: “Чаму ў той жа хакей укладаюцца мільёны даляраў, а гуляюць хакеісты нават горш, чым некаторыя краіны, дзе хакей не ў прыярытэце?” Вось у чым пытанне!
РР: Акрамя таго, у нас усе хочуць атрымаць вынік сёння…
Андрэй Дзмітрыеў: У гэтым і праблема, што дзейнічаюць наскокамі – заўтра, маўляў, давайце пяць залатых медалёў, а паслязаўтра трэба заваяваць Кубак Гагарына. І мала хто думае пра праграму на 10-20 гадоў наперад, пра моладзевы спорт, дваравыя пляцоўкі і рэгіянальныя спартыўныя арганізацыі. А трэба расціць свае кадры, каб праз 15-20 гадоў у нас усё атрымалася. І пры гэтым трэба добра плаціць, каб людзі не змянялі грамадзянства, бо, як вядома, рыба шукае, дзе глыбей. Таму мне падаецца, што няма ў беларускім спорце сістэмнага падыходу, каб расціць сваіх добрых спартсменаў. А купіць легіянераў – гэта ж не падыход. І гвалтам тут нічога не вырашыць.
РР: Ці патрэбна самім спартсменам такое пільнае палітычнае апякунства? Ці ідзе ім гэта на карысць?
Андрэй Дзмітрыеў: Паўтаруся, што нічога дрэннага няма, калі палітыкі цікавяцца спортам, але, мне падаецца, спорт павінен больш мець кантакты не з чыноўнікамі, а з бізнесам. Прыклад многіх еўрапейскіх краін і Амерыкі паказвае, што ад такой супрацы толку значна больш. Там грошы лічаць і хочуць, каб гэтае супрацоўніцтва давала яшчэ і прыбытак. А ў нас у чыноўнікаў галоўная задача – “асвоіць” грошы. Вось тут яны майстры. Напрактыкаваліся.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: RIA Novosti/Scanpix