Станіслаў Багданкевіч: Сітуацыя з умацаваннем еўра можа змяніцца



Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавёў, чаму еўрапейская валюта працягвае расці ў дачыненні да амерыканскай.

Станіслаў Багданкевіч: Не думаю, што ў бліжэйшы час варта чакаць далейшага ўмацавання еўра. Мне падаецца, што еўрапейская валюта ўжо дасягнула свайго максімуму. Многія эксперты чакалі, што курсы еўра і даляра паступова зраўняюцца, але адбыўся адваротны працэс — еўра з пачатку года вырас да даляра амаль на 15 адсоткаў. Відавочна, што гэта звязана з той манетарнай палітыкай, якую праводзяць ЗША ва ўмовах дзейнасці новага прэзідэнта. Да таго ж, Германія стабільна развіваецца, пастаянна расце эканоміка. Усё гэта таксама ўплывае на рост еўра.  

РР: А што параілі б тым, хто захоўвае зберажэнні ў валюце?

Станіслаў Багданкевіч: Калі нехта думае, што зараз трэба тэрмінова бегчы ў банк і пераводзіць даляры ў еўра, то гэта не зусім разумнае рашэнне. Сітуацыя можа змяніцца ў любы момант, таму лепш пакуль заняць пазіцыю чакання. Думаю, да канца года даляр яшчэ здолее адваяваць некалькі пазіцый у еўра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя