Акцыі ў гонар Аршанскай бітвы ў Менску (абноўлена)



Прадстаўнікі апазіцыі адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы вулічнымі акцыямі ў цэнтры Менска.

Неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы прымеркаваны да перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) над арміяй Маскоўскага княства. 8 верасня 1514 года каля рэчкі Крапівенка пад Оршай 30-тысячнае войска ВКЛ пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разграміла ўтрая большае войска Маскоўскага княства.

Адну з сённяшніх акцый праводзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Акцыя, санкцыянаваная Мінгарвыканкамам, пачынаецца ў 18.00 у скверы каля кінатэатра „Кіеў”. Паводле інфармацыі арганізатараў, на ёй будзе заяўлена аб абароне Беларусі ад расейскай акупацыі.

Ініцыятарам другой акцыі, якая павінна пачацца ў 19.00 на Кастрычніцкай плошчы, выступіў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Яго падтрымаў Беларускі нацыянальны кангрэс (афіцыйна не зарэгістраваная арганізацыя, у раду якой уваходзяць вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы).

Напярэдадні Статкевіч апавясціў гарвыканкам пра падрыхтоўку мерапрыемства. „У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі, паведамляю пра намер Беларускага нацыянальнага кангрэса правесці ў Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы Мінска акцыю папярэджання. Пачатак акцыі — у 19.00”, — праінфармаваў палітык чыноўнікаў.

Мэта правядзення акцыі папярэджання — патрабаваць ад уладаў Беларусі адмяніць беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні „Захад-2017”, якія пройдуць з 14 па 20 верасня на тэрыторыі дзвюх краін.

Статкевіч заклікаў гарвыканкам „выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства”.

18.00. У Кіеўскім скверы сабраліся прыкладна 40 удзельнікаў акцыі — у асноўным гэта пажылыя людзі, у іх ліку адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі. Яны трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі КХП-БНФ. За тым, што адбываецца, назіраюць прыблізна дзясятак супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, вядзецца відэаздымка.

18.30. Мікалай Статкевіч прыехаў на Кастрычніцкую плошчу за паўгадзіны да пачатку акцыі. Тут ужо сабраліся журналісты, пачынаюць падыходзіць людзі. 18.50. На плошчу прыйшоў яшчэ адзін лідар Беларускага нацыянальнага кангрэса Уладзімір Някляеў. Ён і Статкевіч гутараць з журналістамі. Адзін з удзельнікаў акцыі трымае плакат з надпісам: „Рускі салдат, ідзі дадому, гарэлкі тут няма”. За тым, што адбываецца, назіраюць людзі ў цывільным, некаторыя з іх вядуць відэаздымку.

18.55. На Кастрычніцкай плошчы прыблізна 20 удзельнікаў акцыі. Акрамя Статкевіча і Някляева тут знаходзяцца актывісты апазіцыі Сяргей Марцалеў, Яўген Афнагель і Вячаслаў Сіўчык. 

На думку Статкевіча, мерапрыемства павінна прайсці спакойна, бо сілавыя структуры па меншай меры дазволілі яе ініцыятарам трапіць на плошчу. Статкевіч таксама заявіў, што вучэнні „Захад-2017” выклікаюць занепакоенасць, таму што ў краіну ўводзіцца „вялікі кантынгент расійскіх войскаў”. Сучасная Расія, адзначыў палітык, уяўляе небяспеку для Беларусі, бо ў яе кіраўніцтва ёсць „свая ўнутраная логіка захавання ўлады за кошт вонкавых дзеянняў”. „Мы не можам гарантаваць, што свае праблемы расійская ўлада не стане вырашаць на беларускай зямлі”, — сказаў палітык. Паводле яго слоў, беларуская армія не гатовая бараніць незалежнасць Беларусі. Акцыі, падобныя на сённяшнюю, мабілізуюць патрыятычныя сілы краіны, лічыць Статкевіч.

18.57. Актывісты дасталі гукаўзмацняльную калонку, і цяпер на плошчы гучыць кампазіцыя „Воіны святла” гурту „Ляпіс Трубяцкой”. Разгорнутыя некалькі бел-чырвона-белых сцягоў. Уладзімір Някляеў заявіў журналістам: акцыі апазіцыі зараз не настолькі шматлікія, як хацелася б, таму што ўлады сваімі дзеяннямі „запалохалі народ”. „Шмат у каго, з кім я размаўляў, ёсць насцярожанасць адносна выхаду на вуліцы для пратэсту. Але калі людзі зараз убачаць, што ўсё праходзіць мірна, колькасць удзельнікаў будзе павялічвацца”, — мяркуе палітык.

19.16. На плошчы прыблізна 100 чалавек. Група ўдзельнікаў акцыі разгарнула вялікі бел-чырвона-белы сцяг, людзі скандуюць „Жыве Беларусь!”.

19.18. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, каментуючы БелаПАН невялікую колькасць удзельнікаў акцыі, адзначыў, што расійскім войскам варта баяцца не толькі тых людзей, якія збіраюцца на плошчы. „У Беларусі па-сапраўднаму партызанскі народ. Стагоддзі акупацыі і войнаў зрабілі з нас партызан”, — сказаў палітык.

„У беларусаў ёсць пэўны страх, уздзейнічае расійская прапаганда — дзве траціны беларусаў знаходзяцца пад уплывам расійскага тэлебачання, але астатнія чакаюць, таму што беларусы, паўтаруся, партызанскі народ”, — падкрэсліў Севярынец. Паводле слоў палітыка, для яго, як для аршанца, сённяшні дзень не проста дата, а сапраўдны дзень абароны незалежнасці. „Сёння незалежнасць Беларусі гатовыя абараняць дзясяткі тысяч людзей па ўсёй краіне. Я ў гэта веру. Кожны беларус павінен натхніцца сённяшнім святам”, — перакананы Севярынец.

19.25. Уладзімір Някляеў, выступаючы перад удзельнікамі акцыі, заявіў, што пратэсты супраць уцягвання Беларусі ў небяспечныя вучэнні патрэбныя цяперашняй ўлады не менш, чым народу. „Мы заклікалі вас прыйсці на плошчу выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне, а ў краіне адбываюцца раней, чым было запланавана, ваенныя беларуска-расійскія вучэнні. Таму мы сабраліся тут не толькі для таго, каб сказаць „не” ўцягванню Беларусі ў ваенна-палітычныя блокі, але і каб сказаць „не” наступствам уцягвання Беларусі ў вучэнні з краінай, якая супрацьстаіць НАТА і ўсяму свету. Гэта пратэст не супраць Расіі, рускіх і расійскага кіраўніцтва — хай з ім разбіраюцца расіяне. Мы сабраліся, каб папярэдзіць наша кіраўніцтва, што такая палітыка ўцягвання Беларусі ў высвятленне адносін паміж Усходам і Захадам пагражае будучыні Беларусі, уладзе і ўсім людзям”, — сказаў Някляеў.

19.35. Мітынг у Кіеўскім скверы завершаны. Удзельнікі разыходзяцца.

19.37. Павел Севярынец, выступаючы на Кастрычніцкай плошчы, заявіў, што на долю Беларусі выпалі цяжкія выпрабаванні — у прыватнасці „дыктатура і імперыя”. Палітык нагадаў пра інцыдэнт, што адбыўся днямі ў Гродне, калі беларускі вайсковец, падпалкоўнік, зняў са сваёй машыны беларускі сцяг і прычапіў да яе расійскі трыкалор. Пры гэтым ён заявіў таму, хто здымаў на відэа, што такім чынам будзе сустракаць расійскія войскі. Удзельнікі акцыі рэзка асудзілі такія паводзіны.

Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе адзначыў, што ў перамогу войскаў ВКЛ пад Оршай мала хто верыў, але „продкі здолелі адстаяць сваю незалежнасць”. „25 гадоў таму свет убачыў тысячы беларусаў, гатовых абараняць незалежнасць сваёй краіны. Сёння на нашай зямлі вялікая небяспека — расійскія войскі. І сёння ў Беларусі павінна хапіць людзей, якія гатовыя паўстаць на абарону сваёй Радзімы. Пакаленні продкаў абаранялі яе для нас, і наша задача — каб гэтая зямля заўсёды была беларускай”, — сказаў Сіўчык.

Яўген Афнагель запытаўся ва ўдзельнікаў мітынгу, хто гатовы бараніць незалежнасць са зброяй у руках у выпадку замежнай агрэсіі. Большасць паднялі рукі.

19.39. Удзельнікі „Акцыі папярэджання” прынялі рэзалюцыю, у якой выказалі пратэст супраць „ўцягвання нашай краіны ў супрацьстаянне Расійскай Федэрацыі з Украінай і блокам НАТА”. „Мы падтрымліваем палажэнне Канстытуцыі аб імкненні Беларусі да нейтралітэту і не хочам прысутнасці чужых войскаў на нашай зямлі. Мы расцэньваем вайсковыя вучэнні „Захад-2017 „як пагрозу суверэнітэту нашай дзяржавы”, — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі. Удзельнікі мітынгу папярэджваюць „ўсіх магчымых агрэсараў” аб сваёй гатоўнасці „бараніць незалежнасць Беларусі са зброяй у руках”.

19.40. Удзельнікі мітынгу, прыблізна 150 чалавек, рушылі ў бок плошчы Перамогі, дзе маюць намер ускласці кветкі да манумента ў гонар беларускіх партызан. Пасля гэтага яны збіраюцца прайсці на плошчу Якуба Коласа і даць там клятву патрыёта Беларусі.

20.15. Удзельнікі шэсця выбралі Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева ў якасці дэлегатаў для ўскладання кветак да манумента Перамогі, тады як астатняя калона працягнула рух па праспекце Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа. Палітыкі ў суправаджэнні дзвюх удзельніц акцыі ўсклалі кветкі да таго боку абеліска Перамогі, на якім змешчаны барэльеф з выявай партызан. Пасля гэтага абодва палітыкі далучыліся да ўдзельнікаў шэсця.

20.40. Калона прыбыла на плошчу Якуба Коласа.

20.42. На прапанову Статкевіча ўдзельнікі акцыі — прыблізна 100 чалавек — прынеслі сімвалічную прысягу: „Я, патрыёт Беларусі, клянуся змагацца за свабоду і незалежнасць маёй краіны; клянуся берагчы Беларусь у сэрцы маім, бараніць яе ад любога ворага; клянуся быць верным Беларусі, ніколі не здрадзіць маім сябрам, якія змагаюцца за вольную Айчыну. Жыве Беларусь!”

20.45. Ад імя Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) Мікалай Статкевіч анансаваў наступную вулічную акцыю — „Марш раззлаваных беларусаў 2.0”, якую плануецца правесці 20 кастрычніка. Яна будзе прысвечаная сацыяльна-эканамічным праблемам краіны.

20.48. Акцыя завершаная, людзі паступова разыходзяцца з плошчы, палітыкі гутараць з журналістамі.

20.50. Мікалай Статкевіч на пытанне журналістаў, ці плануюцца яшчэ акцыі супраць беларуска-расійскіх вучэнняў, адказаў, што БНК будзе аналізаваць інфармацыю аб манеўрах і пры неабходнасці хутка рэагаваць. Палітык лічыць, што інфармацыйная кампанія супраць вучэнняў, ініцыяваная БНК, зрабіла сваю справу і прымусіла ўлады перагледзець планы „ў больш бяспечны для Беларусі бок”. „Але цяпер мы павінны адгукнуцца на запыт грамадства, якое хвалюе эканамічная сітуацыя”, — лічыць Статкевіч.

[Not a valid template]

Фота facebook.com/viachorka

belapan.com