ТБМ: У заканадаўстве няма механізму рэалізацыі дзяржаўнага дзвюхмоўя



Праблемы дзяржаўнага двухмоўя і адсутнасці заканадаўчых механізмаў яго рэалізацыі абмеркавалі 8-га верасня на прэс-канферэнцыі на сядзібе ТБМ ім. Францыска Скарыны.

„Праект закона аб нарматыўна-прававых актах ужо перакладзены на беларускую мову”, – паведаміла дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім. Цяпер законапраект рыхтуецца да другога чытання і можа быць прыняты на восеньскай сесіі ў Палаце Прадстаўнікоў.

Кажа Алена Анісім:

– Падрыхтаваць адразу і на беларускай мове з усімі зменамі, якія туды будуць унесены, і ўносіць на разгляд на прыняццё адразу дзве версіі. Гэта адзін закон, але на дзвюх дзяржаўных мовах. Так працуюць многія краіны, тут ніякага вынаходніцтва нашага няма, наша задача проста вярнуць нашу краіну ў прававое поле ў плане прыняцця законаў. Гэта быў бы вельмі важны крок, і ён як раз бы засведчыў гатоўнасць парламента Беларусі рухацца да прававой дзяржавы і пачаць з сябе.

Дэпутатка распавяла, што прыняцце гэтага закону па-беларуску дазволіць наладзіць механізм рэгулявання нарматыўна-прававой базы ў адпаведнасці з дзвюма дзяржаўнымі мовамі, „каб законы прымаліся на дзяржаўнай беларускай мове і мелі юрыдычную моц”.

Пераклад законапраекта быў здзейснены з дапамогай ініцыятывы „Перакладатон”, якая аб’ядноўвае сябраў ТБМ ды іншых актывістаў з мэтай перакладу заканадаўства.

Адізн з праектаў, які мусіць павысіць выкарыстанне мовы ў сферы тавараў ды паслугаў – сайт nabyvaj.by, які прапануе бясплатаны пераклад на беларускую мову для бізнесу.

Распавядае Алесь Лагвінец:

– Ідэя ўзнікла разам з ідэяй перакладу заканадаўства на беларускую мову. Ёсць вельмі добрыя прыклады выкарыстання беларускай мовы на спажывецкім рынку. Мы хочам гэтыя прыклады прасоўваць, а таксама заахвоціць іншых гульцоў на рынку, каб яны ўжывалі беларускую мову, размаўляючы з імі мовай спажывецкага інтарэсу. Першае, ёсць усё ж такі група людзей у Беларусі, якая галасуе рублём, якая выбірае тыя тавары, на якіх ёсць этыкетка з беларускай мовай. Другое, размаўляючы мовай сацыяльнай адказнасці, у нармальных цывілізаваных краінах, дзе ёсць дзвюхмоўе-трохмоўе, выкарыстоўванне гэтых трох моваў з’яўляецца абавязкам.

Таксама падчас сустрэчы быў прэзентаваны дакумент з практычнымі рэкамендацыямі для паляпшэння стану беларускай мовы на спажывецкім рынку. Сярод найпершых крокаў актывісты ТБМ прапануюць рэгуляваць двухмоўе найперш на ўроўні заканадаўства.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск