Гурт Re1ikt пра часовы сыход са сцэны ды новы альбом



Нядаўна менскі гурт Re1ikt абвясціў, што зробіць перапынак у канцэртнай дзейнасці, каб завершыць працу над новым, шостым студыйным альбомам. Вялікі сольны канцэрт гурта прайшоў у клубе Графіці 9 верасня. Напярэдадані выступу мы пагутарылі з удзельнікамі гурта Уладзем Казловым (вакал) ды Змітром Наркевічам (бас-гітара).

RR: Чаму вырашылі менавіта зараз сыходзіць у „адпачынак”? 

Уладзь Казлоў: Самае прыемнае для музыкаў – гэта граць канцэрты для слухачоў. Але сапраўдную асалоду музыка атрымлівае, калі ён робіць новы матэрыял, калі ён можа эксперыментаваць, працаваць у студыі і рыхтаваць для гэтых жа слухачоў нешта самае лепшае, крочыць наперад разам з імі кожны год, даваць ім нейкі новы матэрыял, новую музыку. Менавіта таму мы вырашылі, што нам у плотным графіку выступаў трэба зрабіць невялічкую паўзу, каб максімальна ўсе свае творчыя сілы, энергію прысвяціць новай праграме.

RR: Канцэрт у Графіці – апошні сольны ў гэтым годзе?

Зміцер Наркевіч: Так, гэта апошні сольны выступ у гэтым годзе. Мы адыгралі праграму з двух апошніх нашых альбомаў „Куфар” і „Лекавыя травы”. Гэта  такое шматкроп’е перад нашым адпачынкам ад сольных канцэртаў. І гэтую праграму слухачы не хутка пачуюць. Магчыма, будзем удзельнічаць у нейкіх фэстах, але не з такой шырокай праграмай дакладна.

Уладзь Казлоў: Галоўны сюрпрыз гэтага канцэрта – гэта менавіта праграма. Не заўсёды ўмовы дазваляюць выканаць усё. Людзі падыходзяць пасля нашых выступаў і пытаюць: “А чаго вы не зайгралі тую ці іншую песню?” І ты прыемна здзіўляешся, што людзі ведаюць усе песні, чакаюць іх. Таму гэта самы галоўны сюрпрыз, калі мы зайграем нашыя два апошнія альбомы.

RR: Вы ўжо анансавалі, што праца над шостым альбомам распачалася. Ці можаце распавесці, што чакаць слухачам? Якім будзе новы альбом Re1iktа?

Зміцер Наркевіч: Не будзем яшчэ раскрываць усіх таямніц. Але канцэпцыя альбома ўжо ёсць. На сёння праца толькі распачалася, у нас ёсць ужо нейкія музычныя нарыхтоўкі. Будзем паступова дзяліцца інфармацыяй з слухачамі. Дакладна магу сказаць, што альбом будзе цікавы – у нас новая гукавая канцэпцыя, з цікавымі музычнымі памерамі ды музычнымі эфектамі. У нас ёсць матэрыял, з якім хочацца працаваць.

Уладзь Казлоў: Калі сярод слухачоў ёсць людзі, якія вельмі шчыльна сочаць за нашай дзейнасцю, то яны ведаюць, што амаль кожны альбом не падобны адзін да аднаго. Яны ведаюць, што ад нас можна чакаць чагосьці цікавага – гэта самае галоўнае.

RR: З якімі адчуваннямі вы падыходзіце да гэтага перыяду, калі засядзеце ў студыі і будзе шчыльна працаваць менавіта з альбомам?

Уладзь Казлоў: Гэта можна параўнаць з адчуваннем, калі ты сядаеш за стырно аўтамабіля, і едзеш у нейкім невядомым напрамку, і не можаш прадбачыць, што цябе там будзе чакаць. Ты не глядзіш на мапу, не едзеш па аўтастрадзе, а наадварот зварочваеш на вясковыя дарогі, едзеш скрозь лясы і не ведаеш, што там будзе далей. Мы збяромся, сядзем і будзем спрабаваць. Ужо амаль два гады прайшло з часу працы над нашым апошнім альбомам. Мы змяніліся. Змянілася сітуацыя вакол нас. Мы ўжо іншыя людзі, і музыка будзе абсалютна іншай.

Зміцер Наркевіч: Гэта ўсё адно будзе Re1ikt, але гэта проста будзе новая старонка гурта. Зараз хочацца найхучэй засесці за шчыльную працу.

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world rock, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. Re1ikt крэатыўна выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты, а таксама народныя духавыя і перкусійныя інструменты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расеі.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск