У Гомелі паказалі “Маленькага прынца” па-беларуску
У Гомелі ўпершыню адбыўся беларускамоўны паказ мультфільма “Маленькі прынц”.
На адзіны сеанс, дазволены ў абласным цэнтры, прыйшло больш за трыста чалавек. Прысутныя адзначаюць, што беларускамоўных паказаў у горадзе мусіць быць болей.
– Мы станоўча ставімся да прасоўвання беларускай мовы, таму мы тут. Я ўвогуле лічу, што ў кінатэатрах павінны быць сеансы на беларускай мове, хоць сам я і не гавару па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. Але ўсё ж. Дзеці тут са мной.
– Не так шмат у нас беларускамоўных мультфільмаў, прычым у добрай якасці і на вялікім экране.
– У Гомелі гэта ўпершыню. Такога яшчэ не было.
Заснавальнік суполкі “Кінаконг” Андрэй Кім гаворыць, што беларускамоўны паказ мультфільма “Маленькі прынц” праходзіць паспяхова ва ўсіх гарадах.
– У нас агулам зараз больш за 9 тысяч наведнікаў толькі за 2017 год. І гэта ўключна з Гародняй і Магілёвам. Мы рабілі 6 паказаў у Гародні, і ўсе яны былі з аншлагамі. У Магілёве мы рабілі 3 паказы, і ўсе тры прайшлі з поўнымі заламі. На гэтым тыдні мы паставілі ў двух кінатэатрах, “Маленькага прынца” паказвалі кожны дзень. У Гомелі нам далі не тры, як у іншых гарадах, а толькі адзін сеанс. І ён дзённы, калі звычайна мы робім яго ў пятніцу ўвечары.
“Маленькага прынца” прадставіла ў гомельскім кінатэатры імя Калініна суполка “Кінаконг”, якая займаецца прафесійнай агучкай кіно на беларускую мову.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель