У Магілёве адкрылі беларускі першы клас для двух вучняў



У магілёўскай сярэдняй школе № 1 адкрылі першы клас з беларускай мовай навучання для двух вучняў — Валянціна Асіпчыка і Дар’і Койды.

Інфармацыю пра стварэнне беларускамоўнага першага класа з двума вучнямі БелаПАН пацвердзіла дырэктарка школы Таццяна Шкуратава. Паводле яе слоў, пры наяўнасці адпаведных заяў ад бацькоў гэты клас будзе папаўняцца новымі вучнямі.

Для Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з’яўленне спачатку вучня, а потым вучаніцы ў першым класе з беларускай мовай навучання стала прыемнай нечаканасцю, заявіў БелаПАН старшыня арганізацыі Алег Дзячкоў.

„Беларускі клас з’явіўся дзякуючы бацькам. У гэтым выпадку мы маем вельмі ўскоснае дачыненне да стварэння гэтага першага класа ў першай школе”, — сказаў ён. Разам з тым кіраўнік арганізацыі спадзяецца, што колькасць вучняў у класе з беларускай мовай навучання ўдасца павялічыць.

„Мы маем намер выступіць на сходах бацькоў першакласнікаў у першай школе, каб гэты клас яшчэ папоўніўся, каб там было не два, а больш вучняў”, — заявіў Дзячкоў. Ён адзначыў, што такая ж праца будзе весціся і ў СШ № 34 абласнога цэнтра, дзе першы клас з беларускай мовай навучання з’явіўся год таму. Магчыма, і сёлета там удасца арганізаваць беларускамоўны першы клас.

Такім чынам, у Магілёве сёння атрымліваюць адукацыю на беларускай мове шэсць вучняў. Акрамя першакласнікаў Валянціна Асіпчыка і Дар’і Койды гэта Яліна Салаўёва (8-мы клас СШ № 1), Улада Грыцанава, Эвеліна Самойленка, Таццяна Турандзіна (2-гі клас СШ № 34).

Яшчэ ў сярэдзіне лета меркавалася, што ў Магілёве ў 2017/ 2018 навучальным годзе беларускамоўны першы клас арганізаваны не будзе. На пасяджэнні круглага стала 19 ліпеня ў Магілёўскай гарадской бібліятэцы прадстаўнікі ўлады і грамадскасці выказалі гатоўнасць працаваць над стварэннем такога класа ў СШ № 45 у 2018/2019 навучальным годзе, бо паступіла інфармацыя аб тым, што некаторыя бацькі выказалі жаданне аддаць у такі клас сваіх дзяцей. Акрамя таго, актывісты ТБМ выказвалі крытыку на адрас прадстаўнікоў гарвыканкама, заяўляючы, што яны не прыклалі належных намаганняў да таго, каб у горадзе быў адкрыты новы беларускамоўны першы клас.

belapan.com