Яшчэ адзін восеньскі тыдзень



Журналістка Юлія Латыніна пакінула Расею, палітык Міхаіл Саакашвілі спрабуе прарвацца ва Украіну… У нас усё больш спакойны ды пазітыўна ў навіновай хроніцы – свята піва ў Лідзе, паветраныя шары ды паўмарафон на Дзень горада ў Менску.

Што маем? Кожнаму сваё, безумоўна, але некаторыя трэнды адсочваюцца. Бегуны. Грыбы. Бульбакапанне. Фота грыбоў і бегуноў у фэйсбуку… Бульбы амаль няма (дыскрымінацыя!), а надвор’е для талакі і бульбы самае яно! Сапраўднае бабіна лета… І шанец рвануць да бабулі ў вёску!

А хто не капаў бульбу і ў грыбы не хадзіў (не кажучы пра сталіцу!), той смела рвануў на рыбалку. Хтосьці аж залішне смела! Маем такую такую гісторыю з беларускага “морка”. Мядзельскі суд пакараў мясцовага жыхара сур’ёзным штрафам. На возеры Баторына ў нацыянальным парку „Нарачанскі” таварыш незаконна злавіў пяць вугроў. Грамадзяніну В. далі штраф 1840 рублёў і забралі лодку. Урон ад сваёй рыбалкі мужчына аплаціў да суда, паведамляе „Рэгіянальная газета”. Застаецца толькі паспачуваць чалавеку, які так дорага заплаціў за свае “хобі”… Але ў адваротным выпадку дорага заплацілі б за гэтых пяць рыбак турысты: вугор ля Нарачы – далікатэс папулярны і неапраўдана дарагі.

Тым часам непрацуючыя жыхары пасёлка Кастрычніцкі на вадаёме былых торфараспрацовак «Разлівы» сеткамі лавілі рыбу… І такі налавілі! Тры мяхі карасёў (іх было найбольш!), лінёў ды шчупакоў. Супрацоўнікі Баранавіцкай міжраённай інспекцыі затрымалі небаракаў, якія самі сябе нефармальна працаўладкавалі. Урон навакольнаму асяроддзю ацэнены ў памеры 2 990 рублёў, кошт рыбы склаў 232 рублі. Меру адказнасці грамадзян за ўчыненае браканьерства вызначыць суд, піша “Звязда”.

Жыццё працягваецца. Сіноптыкі абяцаюць цёплае надвор’е. На пару дзён.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ