Ганне Канапацкай адмовілі ў карыстанні прэс-цэнтрам Палаты прадстаўнікоў (абноўлена)



Улады не пусцілі апазіцыянераў у Палату прадстаўнікоў. Прэс-канферэнцыя ўдзельнікаў правацэнтрысцкай кааліцыі, якая павінна была адбыцца ў прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў Беларусі, была адмененая ў апошні момант. Тэмай прэс-канферэнцыі была прэзентацыя заканадаўчай альтэрнатывы Дэкрэту „аб дармаедах”.

Гэты факт сведчыць пра тое, што ўлады да гэтага часу не гатовыя да рэальнага супрацоўніцтва са сваімі апанентамі, кажа сябра правацэнтрысцкай кааліцыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ганна Канапацкая.

– Я думаю, што адсутнасць рэальнага парламентарызма цягам апошніх дваццаці гадоў прывяла да таго, што Палата прадстаўнікоў перастала быць месцам для палітычных дыскусій. Пагадзіцеся, Дэкрэт №3 – гэта не толькі эканамічнае, але больш палітычна матываванае рашэнне. І Палата прадстаўнікоў пабаялася ўзяць на сябе адказнасць за тое, што тут прагучыць іншае меркаванне – апазіцыйнае, ад асоб, якія не з’яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

У выніку сумесная прэс-канферэнцыя ўдзельнікаў правацэнтрысцкай кааліцыі адбылася ў іншым месцы, пасля чаго Ганна Канапацкая прэзентавала альтэрнатыўны пакет законапраектаў у Палаце Прадстаўнікоў адна.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Зранку ў прэс-цэнтры Дома ўраду ў апошні момант забаранілі правядзенне прэс-канферэнцыі, прысвечанай правацэнтрысцкай альтэрнатыве прэзідэнцкаму дэкрэту нумар тры, больш вядомаму ў народзе як “дармаедскі”. Туды не пусцілі журналістаў ды ўдзельнікаў – дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую, лідара АГР Анатоля Лябедзьку, старшыню руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча, старшыню аргкамітэта па старэнні БХД Віталя Рымашэўскага і кіраўніка рабочай групы па выпрацоўцы “Правацэнтрысцкай альтэрнатывы Дэкрэту нумар 3” Яраслава Раманчука. Выпадак ужо называюць “беспрэцэдэнтным” у гісторыі беларускага парламента. Прынамсі, вось якая размова ўчора адбылася ў карэспандэнта БРР з прадстаўніцай прэс-службы.

РР: Добры дзень, прэс-служба Палаты прадстаўнікоў?

Так.

РР: Скажыце, у вас можна акрэдытавацца?

Так. Калі ласка.

РР: Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя.

Сямашка Віталь Канстанцінавіч. Добра. У правым крыле Дома Урада. Вас там будуць сустракаць.

Тым не менш, прэс-канферэнцыя хутка адбудзецца а 12 у менскім гатэлі “Манастырскі”. І – з удзелам усіх вышэй пералічаных асоб.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя