У Беластоку адсвяткуюць 20-годдзе навучання беларускай мове



Госць нашай студыі — Барбара Пякарская, былая старшыня Аб’яднання у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову ў Польшчы „АБ-БА”, адна з пачынальніц навучання беларускай мовы ў школах Беластока.

РР: Мы сустрэліся тут, бо рыхтуецца большая сустрэча.

Так, рыхтуецца большая сустрэча. Гэты год — юбілейны год для навучання беларускай мовы ў Беластоку. 20 гадоў з моманту, калі ў 1997 годзе ў пачатковай школе №4 Беластока пачалася навука беларускай мовы. Увесь гэты год мы святкуем. Першая частка нашага святкавання была ў чэрвені, а на верасень, калі дакладна, на бліжэйшую нядзелю мы запланавалі другую частку святкавання: сустрэчу выпускнікоў, бацькоў і сяброў, якія за гэтыя 20 гадоў былі з намі.

РР: Перад тым як мы пяройдзем да самой імпрэзы, невялічкая экскурсія ў гісторыю. У 1997 годзе беларускую мову сталі вывучаць здаецца шасцёра дзетак у пачатковай школе №4. Да гэтага ўжо былі два аддзелы беларуска-польскія ў дзіцячым садку №14. Пару слоў пра тое, хто тады ствараў гэтае навучанне, хто запісаў дзетак, хто захацеў, каб тут, у Беластоку, першы раз у пасляваеннай Польшчы дзеці вучылі беларускую мову? Быў перыяд пры канцы Другой сусветнай вайны, але гэта — іншая гісторыя.

Мне здаецца, што гаворачы пра школу немагчыма абмінуць той пачатак з садком, які фактычна стварылі бацькі, сярод якіх была і я. Група маладых бацькоў, якія толькі нядаўна перасталі быць студэнтамі, якім яшчэ недзе там хацелася дзейнічаць, бо большасць з нас, прынамсі крыху, была ў Беларускім аб’яднанні студэнтаў. Таксама мы знайшлі людзей, зацікаўленых у тым, каб іх дзеці вучылі беларускую мову. Фактычна, гэта была ініцыятыва малой групы, але аказалася, што не толькі мы думаем пра такое і што знайшліся людзі, якіх мы абсалютна не ведалі, якім ініцыятыва спадабалася і пасля двух гадоў у садку мы даспелі да таго, каб не спыніцца толькі і выключна на садку, але пайсці далей. І як мы сёння ведаем, таксама не спыніліся на пачатковай школе і дзеці і моладзь маюць магчымасць навучання ў гімназіі №7, якой дарэчы ўжо зараз і не будзе пасля рэформы. А таксама ў агульнаадукацыйным ліцэі №3 у Беластоку. Таму, калі хтосьці фактычна хоча, каб ягонае дзіця вывучала беларускую мову, дык магчымасць ёсць дасканалая. Усе школы знаходзяцца ў цэнтры і існуе магчымасць вывучаць беларускую мову: ад садка па ліцэй.

У пачатку гэта была невялікая група людзей, але за гэтыя гады да нас далучаліся чарговыя і чарговыя, якія станавіліся нашымі сябрамі і аказваецца, што мы цяпер — адна вялікая сям’я.

РР: Тым дзеткам, якія тады, ў шасціасабовай групе пачыналі навуку беларускай мовы у пачатковай школе №4 сёння па 27 гадоў. Ці вядома, то з імі адбываецца, дзе яны цяпер? Як склаўся іхні жыццёвы шлях? І ці мела нейкі уплыў вывучэнне беларускай мовы на іхні жыццёвы шлях?

Па-першае, большасць гэтых пачаткоўцаў мы ведаем і ў нас з імі большы або меншы кантакт. Мы ведаем, што яны робяць, дзе жывуць. А пра тое. Які ўплыў гэтае навучанне мела на іх я думаю мы даведаемся менавіта ў нядзелю. Мы можам здагадвацца і гледзячы на сваіх дзяцей бачым, што гэта не было без уплыву. Гэтая адукацыя і усё тое, што яны рабілі на пазашкольных занятках: усе нашы выезды, сустрэчы, гурткі — не можа пакінуць чалавека без уплыву. Я думаю, што гэта вельмі карысны ўплыў, бо ён пашырае веды, пашырае магчымасці, светапогляд. Яны ўсведамляюць не толькі тое, хто яны, але таксама ўсведамляюць сваё месца ў свеце. Мяркую, што такі досвед нельга пераацаніць. Але гэта мой погляд, а ў маладых людзей можа быць і іншы досвед.

17 верасня а 9:00 святкаванні пачнуцца з беларускамоўнай Літургіі і малебна o царкве Іаана Багаслова. Галоўная юбілейная сустрэча пачнецца а 15:00 у кафэ Zmina Klimatu на вуліцы Варшаўскай.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя