Віктар Карняенка: Трэба малаціць лапамі, каб не патануць



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавядае, ці варта апазіцыі ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.

Віктар Карняенка: Выбары ні ў якім выпадку нельга ігнараваць. Удзельнічаць трэба дакладна, хаця трэба падумаць, у якой форме. Зразумела, што паўнацэннага змагання за мандаты ў апазіцыі, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Альбо атрымаецца, калі ўлады вырашаць правесці свае гульні ў лібералізацыю, як гэта ўжо было падчас парламенцкіх выбараў.

Але ж фальсіфікацыі трэба паказваць, а без удзелу ў кампаніі гэта зрабіць дастаткова складана. Удзел у выбарах – гэта няўдзячная справа, бо чалавеку трэба ставіць на кон сваю рэпутацыю. Але ж гэта палітыка, што застаецца рабіць? Толькі такім чынам можна нечага дасягнуць. Без гэтага зменаў не будзе.

РР: Некаторыя палітыкі мяркуюць, што прымаць удзел у выбарах – значыцца гуляць на баку ўлады. Не згодны з гэтым?

Віктар Карняенка: Такая пазіцыя – сядзець на беразе і чакаць, пакуль па рацэ праплыве цела ворага, – таксама мае права на жыццё. Толькі колькі часу яны будуць так сядзець? Апазіцыя сёння бы тая жаба ў слоіку, якая малоціць лапамі, каб не патануць. Калі б у апазіцыйных сілаў быў высокі аўтарытэт у грамадстве, і іх няўдзел у выбарчай кампаніі ўзрушыў бы ўвесь народ, тады быў бы сэнс ігнараваць выбары. Але нават у гэтым выпадку я ўпэўнены, што знойдзецца той, хто ад выбараў не адмовіцца. Адзінства ніколі не атрымлівалася. Нават тады, калі байкот быў вось-вось побач. І паўплываць на гэты працэс немагчыма. Давайце будзем рэалістамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя