Чаму зніжаюцца цэны?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму ў Беларусі патаннелі паслугі і прадукты харчавання.

Белстат падлічыў, што цэны ў жніўні 2017 года ў параўнанні з ліпенем зменшыліся на 0,8%. Пры гэтым харчаванне патаннела на 1,9%.

У параўнанні з канцом мінулага года інфляцыя складае ўсяго 2,5%.

Барыс Жаліба: Зніжэнне цэн на прадукты харчавання найперш я б патлумачыў сезонным фактарам. Штогод напрыканцы лета ў краіне зніжаецца інфляцыя за кошт таго, што падчас уборкі ўраджаю цэны на садавіну і гародніну істотна змяняюцца ў меншы бок. А ўсё гэта суадносна ўплывае на спажывецкі кошык.

Акрамя таго, у гэты час многія беларусы з’язджаюць на адпачынак за межы Беларусі, а значыцца зніжаецца спажывецкі попыт. На гэты фактар цэны таксама рэагуюць. Такія працэсы, паўтаруся, адбываюцца штогод, таму моцна радавацца дэфляцыі не варта. Звычайная часовая з’ява. Бліжэй да Новага году цэны ізноў звычайна пачынаюць расці.

РР: Акрамя сезоннага фактару нешта яшчэ паўплывала на зніжэнне інфляцыі?

Барыс Жаліба: Безумоўна, мае ўплыў і тое, што Нацбанк не “разганяе” грашовую масу і трымае сітуацыю пад кантролем. Не друкуе непатрэбных грошай, праводзіць досыць жорсткую палітыку крэдытавання…

Ёсць і яшчэ адна нагода для стрымлівання інфляцыі — гэта заробкі беларусаў. Калі ўлады пастаянна заяўляюць аб росце заробкаў, то ў рэальнасці сітуацыя выглядае больш сумна. Рэальныя прыбыткі не тое, што не растуць, але месцамі і змяншаюцца. А гэта таксама абмяжоўвае спажывецкі попыт, што таксама ўплывае на цэны.

РР: Якія вашы прагнозы па інфляцыі на бліжэйшую будучыню?

Барыс Жаліба: Думаю, да канца году інфляцыя складзе каля 7 адсоткаў, гэта досыць нармальная лічба. Можна чакаць негатыўных наступстваў, калі ўлады вырашаць любым коштам дасягнуць да канца году абяцанага заробку ў 500 даляраў, але, думаю, Нацбанк усё разумее і не пойдзе на нейкія непапулярныя крокі. Да таго ж, нашы статысты навучыліся выводзіць патрэбны сярэдні заробак на паперы і без умяшальніцтва ў эканоміку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя