Кіеў. Чатыры абліччы Міхайлаўскай плошчы
Міхайлаўская плошча, што знаходзіцца ў самым цэнтры Кіева, слаўная найперш Міхайлаўскім манастыром, у гонар якога і атрымала назоў. Так, прынамсі, скажа кожны экскурсавод, які павядзе вас па ўкраінскай сталіцы.
Гэты ж экскурсавод раскажа і пра сам манастыр: і пра яго пабудову ў 1108 годзе, і пра зруйнаванне Саветамі ў 1935-м і, натуральна, пра аднаўленне ў дзевяностых.
Калі вашым спадарожнікам на Міхайлаўскай плошчы стане дыпламат, ён абавязкова зверне ўвагу на Міністэрства замежных спраў і Дыпламатычную акадэмію Украіны. Пры гэтым вы, імаверна, заўважыце, што будынак украінскага МЗС няўлоўна нагадвае Акадэмію Навук Беларусі. А сам дыпламат, калі ён будзе ў гумары, распавядзе вам, што раней у Дыпламатычнай акадэміі месцілася цыркавая вучэльня і нават раскажа вам колькі гісторый “пра пераемнасць традыцый”.
Для археолага Міхайлаўская плошча – неўзаранае поле для працы, але пакуль толькі патэнцыйнае. На гэтым месцы жылі і працавалі людзі як мінімум апошнія тысячу гадоў, і маштабныя археалагічныя даследаванні тут амаль не праводзіліся. Аднак арганізаваць тут раскопкі не выпадае найперш з-за статуса месца.
Але ж, акрамя экскурсійнага, дыпламатычнага і археалагічнага аблічча, Міхайлаўская плошча мае яшчэ адно. Гэты пляц – выдатнае месца для самотных шпацыраў. Тым, хто не любіць адкрытых прастораў, заўсёды можна прайсціся па гістарычных Дзесяціннай ці Вялікай Жытомірскай вуліцах, а то і зайсці ў адзін са шматлікіх двароў, дзе яшчэ захоўваецца класічная кіеўская атмасфера. А потым перайсці на іншую плошчу – Сафіеўскую, якая знаходзіцца зусім побач.
Але гэта ўжо іншае месца, з іншай гісторыяй, атмасферай і абліччам.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя