СБП высупіў з заявай у падтрымку адваката Ганны Бахціной
Сёння, 12 верасня, кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь пазбавіла адвакацкай ліцэнзіі вядомую праваабаронцу, адну з найлепшых беларускіх юрыстак Ганну Віктараўну Бахціну. У дачыненні да яе была выкарыстана фармулёўка “недастатковая прафесійная кваліфікацыя”.
Сябры нашага творчага аб’яднання доўгія гады ведаюць Ганну Віктараўну як чалавека ўзорных прафесіяналізму, таленту і мужнасці. Яна годна прадстаўляла інтарэсы нашага старэйшага грамадскага аб’яднання ў працэсах Вярхоўнага суда, бліскуча адстойвала і адстойвае ў нашай краіне пастулаты праўды і справядлівасці. Дзякуючы яе адвакацкаму майстэрству і непахіснай прафесійнай пазіцыі ў 2007 годзе Саюз беларускіх пісьменнікаў, адзіны з некалькіх сотняў ліквідаваных грамадскіх аб’яднанняў Беларусі, здолеў захаваць афіцыйны статус. У 2010 годзе Ганна Бахціна атрымала Ганаровую Грамату Міністэрства РБ юстыцыі за добрасумленную працу ў органах юстыцыі па абароне правоў і свабодаў грамадзян. У апошнія гады Ганна Віктараўна паспяхова вяла рэзанансныя справы Ірыны Халіп, Іллі Валавіка, Эдуарда Пальчыса.
Лічым, што пазбаўленне Ганны Бахціной права на адвакацкую практыку з’яўляецца палітычна матываваным рашэннем беларускіх уладаў, звязаным з абаронай Міраслава Лазоўскага, аднаго з ключавых фігурантаў самай гучнай палітычнай справы апошняга часу – “Справы патрыётаў”.
Рашуча заклікаем Міністэрства юстыцыі перагледзець прынятае рашэнне ў дачыненні да аднаго з лепшых у нашай краіне абаронцаў правоў і свабодаў грамадзян.
Мінск, 12 верасня 2017 г.