Восеньскае шчасце беларускае



У кожнага з нас сваё шчасце… І падчас вельмі цяжка яго знайсці – індывідуальнае, адзінае і непаўторнае. Між тым ёсць некалькі замежных варыянтаў. Даволі ўтульных і цікавых.

Чарговая рассылка папулярнай інтэрнэт-крамы прапаноўвае пачытаць пра шчасце дацкае, фінскае, шведскае ці ісландскае. Выбірайце, што вам больш пасуе – хюге, сісу, лагом ці глюгаведур? І даведайцеся, як радавацца жыццю нават у паршывае і цёмнае надвор’е. У скандынаваў яшчэ меней сонечных дзён, чымсьці ў беларусаў. Між тым, яны знайшлі свой сакрэт шчасця, напісалі пра гэта з тузін кніжак і шчодра прапаноўваюць свету ратунак ад цемры і хандры.

Беларусы пакуль знаходзяцца ў працэсе пошуку свайго шчасця і вельмі далёкія ад таго, каб экспартаваць яго буйнымі партыямі, зарабляючы грошы на гэтым у стылі Дэйла Карнэгі. Ды і з паліграфіяй добрай маем сур’ёзныя пытанні… Няма пытанняў адно з экалогіяй. Дыхайце глыбока і супакойцеся, спадарства: усе хваробы ад стрэсаў. Праўда, дыхаем мы з большага выкідамі ад прамысловых прадпрыемстваў, цеплаэлектрастанцый і аўтатранспарту, “суцяшае” ў свежым газета “Звязда” нумары. І дадае: “Вядома, што бруднае паветра можа выклікаць інсульт, рак, сардэчна-сасудзістыя захворванні, зніжаць імунітэт і ўплываць на псіхічнае здароўе дарослых і дзяцей…” Далей выданне распавядае пра маніторынг спецыялістамі Белгідрамета нашых тэрыторый і суцяшае сваіх чытачоў тым, што ў большасці беларускіх гарадоў “якасць паветра ацэньваецца як стабільна добрая”.

І вось тут, у працэсе разваг пра экалогію і – як варыянт! – надвор’е ў краіне тут і цяпер, мы падыходзім да таго, што ёсць беларускім шчасцем (або можа ім стаць!) – стабільнасць.

І яшчэ адзін цудоўны выраз. Універсальны! Наш бясспрэчна і назаўжды! Усё можа быць горш. На тым і спынімся… Ці далей пойдзем. Шукаць свае варыянты хюге або сісу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ