Людзі бачылі, як у лесе гараць свечкі



Даследчык гісторыі рэпрэсій з Воршы Юры Копцік удзельнічаў у здымках праваабарончага фільма па гісторыі смяротнага пакарання і распавёў у лесе на Магілёўскай шашы пра расстрэлы святароў у 30-ыя гады.

Расстрэльны лес па Магілёўскай шашы пад Воршай, 7 верасня 2017 года. Па гэтай дарозе ездзіў „чорны воран”. 

Юры Копцік распавядае пра свае даследванні: „Святароў пачалі масава расстрэльваць пасля 1932 года, калі пачалася масавая хваля зачынення храмаў, манастыроў. І жаночы манастыр у Воршы зачынілі, тут каля лесу была каплічка, дзе чалавек 15 манашак жылі разам з матушкай-ігуменяй, пакуль іх саміх у лес не вывезлі і не застрэлілі тут. Не ведаю, знарок ці выпадкова так атрымалася: святароў расстрэльвалі з правага боку ад шашы, калі ехаць з Воршы на Магілёў. Відавочцы казалі, нават бачна было, які свечкі на магілках стаялі. Людзі нейкім чынам знаходзілі, дзе былі расстраляныя іх родныя, прыходзілі, рабілі магілкі. Людзі позна ішлі з базару і бачылі, у вёскі Паддубцы, Свісцёлкі, Панізоўе, бачылі з шашы як у лесе на магілах гараць свечкі. А па левы бок ад шашы, як ехаць зз Воршы на Паддубцы, расстрэльвалі цывільнае насельніцтва ў масавым парадку – па 10, па 20 чалавек у адной яме. Стрэлы і нават крыкі па начах былі чутныя ў вёсках Паддубцы, Свісцёлкі. Старажылы памятаюць гэта. Напрыклад, Пішчалаў, які да пачатку 80-ых узначальваў Таварыства аховы помнікаў раўвыканкама, быў прамы сведка. Ён яшчэ школьнікам быў, падшыванцам, бачыў расстрэльныя ямы, магілы. Вечарам стралялі, людзі крычалі,  а пасля ён прыходзіў і бачыў: свежая яма закапананая, на лісце, на тронах дрэў  кроў распырсканая і мазгі нават. А некаторыя ямы былі настолькі неахайна закапаныя, уночы закопвалі, што з зямлі тырчалі і рукі, і ногі ў ботах. І, каб не бачыць гэтага вар’яцтва ён браў рыдлёўку, днём прыходзіў ціхенька закопваў”.        

Рэшткі распілаванага крыжа ў расстрэльным лесе. 

На месцы масавага расстрэлу ў Воршы ў лесе каля Магілёўскай шашы Юрась Копцік распавядае гісторыю зламанага крыжа на месцы расстрэлу: „Пасля расстрэлаў сваякі пачалі выпытваць, дзе расстралялі іх родных, распытвалі НКВДэшнікаў, якія займаліся гэтым. І нехта з іх паказаў: “Вось там, па гэтай дарозе ад лесу глядзіце. Знайшлі гэтае месца расстрэлу і ціхенька паставілі металічны крыж. З цягам часу, калі лясная ахова заўважыла гэта, – палясоўшчыкі, якія ходзяць па лесе, яны данеслі ў лясніцтва. І нехта там распарадзіўся крыж гэты зламаць. Ламаць яго не сталі, а проста ўзялі і спілавалі верхнюю частку з перакрыжаваннем. Так яно і засталося па сённяшні дзень”.     

Юры Копцік, даследчык з Воршы 

Сваякі расстраляных шукалі месцы расстрэлаў і ставілі крыжы, але палясоўшчыкамі там працавалі былыя удзельнікі расстрэльных каманд, яны нішчылі крыжы – памяць пра ахвяр.            

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя