Дзяўчына з Баранавіч не можа трапіць на аперацыю ў Менск



Каб зрабіць аперацыю на сэрцы ў кардыялагічным цэнтры Менска, жыхарам рэгіёнаў пажадана выйсці замуж за менчука. Як гэта параілі ў цэнтры 23-гадовай Юлі Буршко з Баранавіч. Калі не дазваляе для гэтага ўзрост, выходзіць, застаецца толькі паміраць, кажа Мікалай Чарнавус (старэйшы), да якога Бушко звярнулася па дапамогу:

– Была двойчы прызначана аперацыя ў каардылагічным аддзяленні горада Менска. І двойчы ёй адмоўлена. Першы раз Юля прыехала ў Менск на прызначаны час, а яе нават не папярэдзілі, што ў аперацыі адмоўлена. Другі раз ёй патэлефанавалі ў жніўні на мабільны і прапанавалі выйсці замуж у Менску, тады ёй зробяць аперацыю як жыхарцы Менска.

Паводле Чарнавуса, пакуль будзеш шукаць менчука, то можна сардэчніку памерці. Калі нават не браць пад увагу стрэсавую сітуацыю з чаргой у цэнтры, у якой дзяўчына стаіць ужо тры гады. Таму былі напісаны звароты ў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыю прэзідэнта і дзяржаўны кантроль, дзе прасілі аказаць дапамогу Юлі Буршко. Чарнавусу паведамілі, што яго скарга перададзена на разгляд кіраўніку Берасцейскай абласной аховы здароўя.

Беларускае Радыё Рацыя