Кнігі з разбуранай бібліятэкі Сафійскага сабора маглі быць схаваныя пад Полацкам
Частка кніг з фондаў разбуранай у XVI стагоддзі бібліятэкі полацкага Сафійскага сабора магла быць схаваная пад Полацкам або вывезеная ў Маскоўскую дзяржаву, заявіў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) Раман Матульскі, выступаючы 14 верасня ў Менску на міжнародным кангрэсе „500 гадоў беларускага кнігадрукавання”.
Матульскі нагадаў, што ў мінулым годзе Беларусь адзначыла 950-годдзе стварэння бібліятэкі Сафійскага сабора, якая з’яўляецца першай з вядомых бібліятэк на беларускіх землях.
„На працягу больш чым 500 гадоў бібліятэка збірала кніжныя скарбы, створаныя на беларускіх землях, найбольш каштоўныя рукапісы, а пазней — друкаваныя выданні, якія ствараліся мудрацамі усяго свету, — сказаў ён. — У ёй захоўваліся працы айцоў грэчаскай царквы, якія прывезлі ў Полацк першыя паломнікі і хрысціянскія місіянеры. Бясспрэчна, у яе фондах захоўваліся кнігі, перапісаныя асабіста нашай асветніцай Еўфрасінняй Полацкай. Там былі сабраны работы старажытнаўсходніх і еўрапейскіх філосафаў, эканамістаў, вучоных у галіне права, фізікі, хіміі, матэматыкі, астраноміі і іншых навук”.
Паводле слоў кіраўніка НББ, на рубяжы XV—XVI стагоддзяў Полацк „стаў найбуйнейшым эканамічным і культурным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага”. Аднак неўзабаве пасля пачатку ў 1558 годзе Лівонскай вайны Полацк апынуўся ў цэнтры ваенных дзеянняў. У 1563 годзе горад захопіў маскоўскі цар Іван Грозны і быў вернуты ВКЛ толькі праз 16 гадоў. У выніку аблог і штурмаў Полацк разрабавалі і практычна знішчылі, бібліятэка Сафійскага сабора была разбурана.
„Ёсць некалькі гіпотэз пра далейшы лёс кніг з гэтай бібліятэкі, — сказаў Матульскі. — Ацалелыя ў ваенным пажары кнігі маглі трапіць у фонды легендарнай бібліятэкі Івана Грознага, пошук якой працягваецца да гэтага часу. Яны таксама маглі трапіць у кніжныя зборы іншых рэальна існуючых бібліятэк таго часу. Кнігі таксама маглі быць схаваныя манахамі ў саборы або сутарэннях Полацка, дзе яны могуць знаходзіцца да сённяшняга дня”.
Паводле слоў дырэктара НББ, вядома, што частка ацалелых кніг апынулася ў Польшчы, у прыватнасці ў Каралеўскай бібліятэцы ў Кракаве і заснаванай у 1594 годзе Янам Замойскім Акадэміі ў Замасці.
„На працягу стагоддзяў гэтая частка кніг полацкай бібліятэкі перамяшчалася з калекцыі ў калекцыю ў розных краінах. Звесткі аб большай іх частцы на сённяшні дзень страчаны. Тым не менш даследчыкам удалося знайсці 13 кніг з фондаў бібліятэкі полацкага Сафійскага сабора: 12 — у Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ў Варшаве, адну — у бібліятэцы Львоўскага ўніверсітэта імя Івана Франка ва Украіне”, — адзначыў Матульскі.
Ён паведаміў, што копіі і адсканаваныя выявы гэтых кніг ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
belapan.by