Пуцін можа наведаць вайсковыя вучэнні „Захад-2017”



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін можа наведаць „адзін з кампанентаў ваенных вучэнняў” Захад-2017 „. Пра гэта заявіў яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, інфармуе ТАСС.

Пяскоў адзначыў, што расейскія ўлады „лічаць абсалютна правакацыйнай хвалю нагнятання жарсцяў вакол гэтых вучэнняў”. Паводле яго слоў, правядзенне падобных манеўраў – „звычайная практыка і права любой краіны”.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні „Захад-2017” праходзяць 14-20 верасня 2017 года на шасці палігонах Расеі і Беларусі. У вучэннях бяруць удзел каля 12,7 тыс. вайскоўцаў (у тым ліку прыкладна 10,2 тыс. на тэрыторыі Беларусі), каля 70 самалётаў і верталётаў, да 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў, да 200 гармат, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў.

Раней генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заяўляў, што НАТА будзе ўважліва сачыць за ходам вучэнняў і накіруе туды трох сваіх назіральнікаў. Пры гэтым Столтэнберг заклікаў да большага ўзроўню транспарэнтнасці гэтых манеўраў.

Апошні раз Пуцін наведваў вучэння „Захад” у 2013 годзе.

Фота РИА Новости