Фотавыстава Андрэя Лянкевіча «Бывай Радзіма» адкрылася ў Менску
Апошняя вайна ў Беларусі дагэтуль застаецца адной з дамінант у мастацтве. Пра гэта сведчыць і фотавыстава «Бывай Радзіма» Андрэя Лянкевіча, што распачалася ў сталічнай галерэі «Ў».
— Я сардэчна запрашаю на выставу, якая прысвечана сучаснаму стаўленню, дзе я распавядаю як вайна паказана на вуліцах, як вайна паказана ў гісторыі, у лёсах людзей, як вайна паказана на вайсковых інсталяцыях у Берасці, у Берасцейскай крэпасці, і так далей і так далей. Абсалютна рознае бачанне адной велізарнай з’явы, якая на дадзены момант з’яўляецца, відаць, гістарычнай з’явай для Беларусі.
Фотавыстава «Бывай Радзіма» была арганізаваная пры спрыянні Амбасады Летувы ў Беларусі. Да гэтага прайшоў шэраг яе паказаў у гарадах Заходняй Еўропы.
Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя