Наколькі палітыка Расеі небяспечная для яе суседзяў?



У Менску адбылася публічная лекцыя на тэму «Палітыка асноўных гульцоў ва Усходняй Еўропе: Расея, Украіна, Захад», у якой узялі ўдзел эксперты з Беларусі і Украіны.

Для ўсходнееўрапейскага рэгіёну ролю Расеі ў апошнія гады можна цвёрда назваць дэстабілізуючай, кажа кіраўнік Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Генадзь Максак:

Тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі пры ўдзеле Расеі не можа успрымацца як нейкая сама па сабе зразумелая рэч, якая можа ўспрымацца спакойна. Ёсць прыклады, што такія вучэнні ўжо выкарыстоўваліся для прыкрыцця агрэсіі, для дэманстрацыі сілы, якая ў прынцыпе непатрэбная у такой колькасці,у такім фармаце, з такой тактыкай і з такімі мэтамі. Таму ўсё, што робіць Расея, нават калі гэта будуць не ваенныя вучэнні, а інфармацыйная ці эканамічная сфера, трэба глядзець на тыя падводныя камяні, якія магчыма не заўсёды бачныя за добра прапісанымі дакументамі.

Са слоў Генадзя Максака, украінскі бок з занепакоенасцю назірае за вайсковымі вучэннямі “Захад-2017”, якія распачаліся ў Беларусі. У выпадку, калі пасля вучэнняў расійскія вайскоўцы застануцца на тэрыторыі Беларусі гэта выкліча напружанасць у двухбаковых беларуска-ўкраінскіх стасунках.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара