Справа 1939 г. “Гангстэры з НКВД і іх памагатыя з Трэцяга Рэйха. Як рабавалі польскія банкі”
Адным са шматлікіх наступстваў падзелу Польшчы паміж СССР і Трэцім Рэйхам у 1939 годзе стала сумеснае рабаванне польскай маёмасці камуністамі і нацыстамі. Прытым хаўруснікі нацыяналізавалі не толькі ўсю нерухомасць, якая траплялася ім на вочы, але і бессаромна рабавалі банкаўскія актывы.
Куды там гангстэрам Дылінджэра і Аль Капонэ!
* * *
Большасць дакументаў, якія тычацца гэтага безумоўнага злачынства, знішчаная ў кагэбэшных архівах яшчэ ў 1954 і 1990 гадах. Але тое, што ў нейкі цуд захавалася, дае ўсе падставы меркаваць пра маштабы савецка-германскага рабавання.
Вядома, што яшчэ да так званага “вызвольнага пахода” 17 верасня 1939 года ў НКВД СССР скурпулёзна склалі спісы ўсёй польскай маёмасці, якая падлягала экспрапрыяцыі. Вядома, што аперацыі па экспрапрыяцыі таксама планаваліся да 17 верасня 1939 года. Вядома, што адразу пасля ўваходу савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, усе польскія банкі і іх філіі былі адразу ўзятыя пад кантроль новых уладаў.
Але здараліся і розныя казусы…
Так напрыклад, ужо 19 кастрычніка 1939 г., то бок праз месяц пасля “вызвалення”, у той жа Львоў пайшла тэлеграма наступнага зместу:
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
НКВД СССР
УПРАВЛЕНИЕ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ
ИЗ МОСКВЫ
ПЕРЕДАЮ КОПИЮ ТЕЛЕГРАММЫ ПЕРЕДАННОЙ УЗЛОМ СВЯЗИ НКО ДЛЯ ПРИНЯТИЯ НАДЛЕЖАЩИХ МЕР: ТЕЛЕГРАММА НР. 97. ЛЬВОВ ПОЛЕВОЕ ОТДЕЛЕНИЕ ГОСБАНКА 147. ПЕРЕДАЙТЕ ЛЬВОВ ПОЛЬСКИЙ БАНК КОШЕМБАРТУ ЗПТ КОМИССАРУ ПОЛЬСКОГО БАНКА ВО ЛЬВОВЕ ПИРОГОВУ ТЧК ХРАНЯЩИЕСЯ ЛЬВОВСКОМ ОТДЕЛЕНИИ ПОЛЬСКОГО БАНКА ПЛАТИНОВЫЕ СЛИТКИ ВЕСОМ 66 ЗПТ 5 КГ ПЕРЕДАЙТЕ ГЕРМАНСКОМУ ГРАЖДАНИНУ ДИРЕКТОРУ КАРЛУ РЕШКЕ ВО ЛЬВОВЕ ПРЕДЪЯВЛЕНИИ ИМ СООТВЕТСТВУЮЩЕЙ ДОВЕРЕННОСТИ МИНИСТЕРСТВА НАРОДНОГО ХОЗЯЙСТВА ГЕРМАНИИ ТЧК
(…)
НАЧ ОСОБОГО ОТДЕЛА ГУГБ БОЧКОВ
Тэлеграма ставіць як мінімум два пытанні.
Чаму лёс плацінавых зліткаў, якія належылі Польшчы, вырашаўся толькі праз месяц пасля захопу таго ж Львова? Чаму іх усё ж перадалі нацыстам?
Адказаў можа быць некалькі, але самы верагодны гучыць так. Львоў, як вядома, яшчэ з 12 верасня бараніўся ад немцаў, але 22 верасня здаўся Саветамі, якія прыйшлі на дапапогу хаўруснікам-нацыстам. Не выключаецца, што Масква і Берлін цэлы месяц спрачаліся, каму належаць тая львоўская плаціна, але ў выніку Берлін перамог.
Аднак плацінавыя зліткі агульнай вагою ў 66, 5 кілаграм былі далёка не адзінымі банкаўскімі актывамі, якія падлягалі экспрапрыяцыі. Тым больш, што палякі паспелі схаваць ладную частку таго золата, прытым – не толькі на Львоўшчыне.
І ўжо 25 лістапада ў львоўскае НКВД пайшоў ліст наступнага зместу:
НАЧАЛЬНИКУ ПЯТОГО ОТДЕЛА УГБ НКВД УССР
КАПИТАНУ ГОСБЕЗОПАСНОСТИ ТОВ. ШЕВЧЕНКО
В гор. Львов по командировке наркомместпрома выехал наш агент «82», которому даны соответствующие инструкции и задания по нашей линии.
“82” по командировке Наркомместпрома должен посетить все четыре области Западной Украины, со сроком командировке 10 дней.
Необходимо:
- «82», в зависимости от обстоятельств, оставить в г. Львове, продлив командировку настолько, насколько будет нужно для нашей работы.
- Обеспечить полную его безопасность на Западной Украине и
- Максимально использовать все его возможности
О его пребывании во Львове никто не должен знать из аппарата УНКВД.
Встречи с “82” всемерно конспирируйте.
Зам. наркома внутренних дел УССР
Капитан госбезопасности Горлинский
З кантэксту ўсяго масіву дакументацыі НКВД за 1939 год вынікае, што агент “82” атрымаў заданне адшукаць польскія каштоўнасці, якія банкаўскія службоўцы паспелі схаваць. Але якія менавіта каштоўнасці шукаў агент “82” і наколькі плённым былі тыя пошукі — невядома.
Затое добра вядома іншае. На тэрыторыі Заходняй Беларусі філіі Банка Польскага знаходзіліся ў Беластоку, Берасці, Баранавічах, Гародні, Лідзе, Ваўкавыске, Пінску, Кобрыне і Слоніме. Усе іх актывы былі экспрапрыяваныя Саветамі. Тое-сёе палякі спрабавалі эвакуяваць, але не заўсёды ўдала. У той жа Лідзе Чырвоная армія захапіла два вагоны з каштоўнымі металамі і антыкварыятам, якія польскія ўлады збіраліся адправіць на захад. *
————
* Інфармацыя – з даследвання Ігара Мельнікава «Эвакуация активов Банка Польского в сентябре 1939 г», Банкаўскі веснік, Мінск, 04. 2012 г.
Здаралася, што падчас “вызвольнага паходу” часткі Вермахта займалі тэрыторыі, якія, паводле дадатку да пакта Рыбентропа-Молатава адыходзілі да СССР. Так было ў Берасці, Кобрыне, Жабінцы, а таксама на тэрыторыі Заходняй Украіны… Пасля перадачы гэтых земляў у склад БССР і УССР складаліся адмысловыя савецка-нямецкія камісіі, якія і вырашалі лёс нарабаваных каштоўнасцяў.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
В отношении нижеследующих кандидатур, отобранных для работы в аппарате Смешанной Советско-германской комиссии, — не возражаем.
- Дзень Пётр Петрович – руководитель Топливно-энергетического бюро Наркомлегпрома УССР.
- Кустов Михаил Корнеевич – зам. начальника политсектора наркомсовхозов УССР.
- Григорьева Елена Ильинична, экономист Укооппромлесхоза.
- Панченко Глеб Зотикович. Старший инженер по труду и зарплате Наркоммясомолпрома УССР.
- Малиновер Исаак Яковлевич. Ст. экономист отдела труда и зарплаты Наркоммясомолпрома УССР.
(…)
ЗАМ. НАРКОМА ВНУТРЕННИХ ДЕЛ УССР
ГОРЛИНСКИЙ
27 ноября 1939 г.
Не варта і казаць, што значная частка чальцоў тых камісій паходзіла з НКВД. Тое, што чэкісты пазначаныя ў дакументах, як “інжынеры” ці “эканамісты”, нікога не павінна ўводзіць у зман: той жа агент “82”, якога НКВД выправіў у Львоў на пошукі схаванага польскага золата, легендаваўся ў якасці супрацоўніка Наркамату Мясцовай прамысловасці.
Гісторыя рабавання Саветамі польскай маёмасці ў 1939 годзе дагэтуль грунтоўна не даследаваная. Безумоўна, частка дакументаў перахоўваецца ў архівах КГБ Рэспублікі Беларусь, але патрапіць туды са зразумелых прычынаў пакуль не выпадае.
Але найбольш цікавыя сведчанні гангстэрызму савецкіх чэкістаў перахоўваюцца ў архіве ФСБ у Маскве. Аднак архівы гэтыя, як і архівы беларускага КГБ, закрытыя для вывучэння.
[Not a valid template]
* * *
У наступнай перадачы я раскажу пра арышты польскіх дыпламатаў у 1939 годзе, а таксама пра ролю, якую адыграў у тых арыштах Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 368