Змяніўся час рэагавання міліцыі на паведамленні аб злачынствах
Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у пачатку верасня адбыліся змены ў арганізацыі працы па рэагаванні на заявы і паведамленні, што паступаюць у міліцыю, пра злачынствы, адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама інфармацыю пра здарэнні.
Паведамляецца, што цяпер у населеных пунктах, дзе дыслакуюцца органы ўнутраных спраў, нарад ці следча-аператыўная група ў якасці першага нараду абавязаныя прыбываць на месца злачынства не пазней чым праз дзесяць хвілін пасля паведамлення аб здарэнні ў аператыўна-дзяжурную службу. Час прыбыцця праваахоўнікаў больш не залежыць ад таго, наколькі даўно ўчыненае злачынства (больш ці менш за гадзіну назад) і якія звесткі ёсць пра датычную да яго асобу.
Разам з тым на дзесяць хвілін павялічыўся тэрмін прыбыцця міліцыянераў да месцаў адміністрацыйных правапарушэнняў. На такія выклікі нарад прыедзе не пазней чым праз 25 хвілін, як і з нагоды інфармацыі аб іншых здарэннях, якія патрабуюць умяшання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Устаноўлена 40 хвілін на прыбыццё нарада ДАІ да месцаў дарожна-транспартных здарэнняў пры ўмове адсутнасці пацярпелых. Раней такія выпадкі не былі вылучаныя ў асобную катэгорыю, і з-за вялікай загружанасці ДАІ праз 15 хвілін у якасці першага нараду для разбору маглі прыехаць супрацоўнікі падраздзяленняў, далёкіх ад службовай спецыфікі Дзяржаўтаінспекцыі.
Скараціліся тэрміны прыбыцця следча-аператыўных груп да месцаў злачынстваў у сельскай мясцовасці і населеных пунктах, дзе не дыслакуюцца органы ўнутраных спраў.
Раней супрацоўнікі праваахоўных органаў мелі права прыехаць не пазней чым праз дзве гадзіны, калі з моманту ўчынення злачынства да паступлення інфармацыі аб ім у аператыўна-дзяжурную службу прайшло больш за гадзіну, альбо аб падазроным нічога невядома. Зараз час прыбыцця залежыць выключна ад дыстанцыі, якую трэба пераадолець міліцыянерам. Калі пункт прызначэння размешчаны ў межах 30 км, то ў міліцыі ёсць максімум адна гадзіна. У выпадку ўчынення злачынства на адлегласці больш за 30 км ад органа ўнутраных спраў тэрмін прыбыцця не перавысіць паўтары гадзіны.
Пасля звароту ў аператыўна-дзяжурную службу з нагоды адміністрацыйных правапарушэнняў супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны прыехаць не пазней чым праз паўтары гадзіны на выклікі ў межах 30 км і на працягу двух гадзін — больш за 30 км.
Паводле новых норм пры адсутнасці звестак аб месцы здарэння або немагчымасці яго вызначэння нарад міліцыі будзе накіроўвацца да месца знаходжання грамадзяніна, які звярнуўся.
Забаронена накіроўваць аднаго міліцыянера па месцы жыхарства грамадзян, якія валодаюць агнястрэльнай зброяй, а таксама пры наяўнасці папярэдняй інфармацыі пра тое, што супрацоўнікам можа быць аказанае непадпарадкаванне або супраціў.
Хутчэй за ўсё, апошняе новаўвядзенне выклікана інцыдэнтам, які адбыўся рана раніцай 1 студзеня 2017 года ў Маскоўскім раёне Менска. Тады на выклік суседзяў на шум у кватэры прыбыў адзін супрацоўнік міліцыі са зброяй. У выніку бойкі жыхар „шумнай” кватэры атрымаў раненні.
belapan.by
Фота http://minsknews.by