Беларусь атрымае яшчэ 14,5 млн еўра на падтрымку прадпрымальніцтва



Еўразвяз мае намер выдзеліць Беларусі 14,5 млн еўра на падтрымку прадпрымальніцтва згодна з праектам новай дамовы паміж ЕЗ і Беларуссю. Як паведамляе прэс-служба Мінэканомікі, 15 верасня праект абмяркоўваўся на сустрэчы намесніка міністра эканомікі Паўла Уцюпіна з кіраўніком аддзела праектаў і праграм прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў Беларусі Фрэдэрыкам Куне.

„Канкрэтныя напрамкі фінансавай дапамогі Еўрапейскага звяза, прадугледжаныя названым пагадненнем, найбліжэйшым часам будуць абмяркоўвацца з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. Рэалізацыя гэтых пагадненняў прадугледжаная шматгадовай індыкатыўнай праграмай для Рэспублікі Беларусь на 2014—2017 гады, прынятай Еўразвязам у 2014 годзе для аказання садзейнічання ў галіне сацыяльнай палітыкі, падтрымкі экалогіі і эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні”, — удакладнілі ў прэс-службе.

Бакі таксама падпісалі пагадненне паміж ЕЗ і ўрадам Беларусі пра выдзяленне 6 млн еўра для правядзення даследаванняў і мерапрыемстваў, скіраваных на павышэнне эфектыўнасці ў галінах дзяржаўнага кіравання, адукацыі і сацыяльнай абароны, фінансавым сектары.

Як паведамлялася, 13 верасня ў межах візіту ў Менск прэзідэнта Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумы Чакрабарці было падпісанае пагадненне паміж ЕС і ЕБРР аб выдзяленні банку сродкаў на аказанне падтрымкі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва „ў якасці асноўнай рухальнай сілы мясцовага і рэгіянальнага росту ў Рэспубліцы Беларусь”. Агульны аб’ём грантавага фінансавання з боку ЕЗ складае таксама 6 млн еўра.

БелаПАН