Лятучы ўніверсітэт абвяшчае набор на новы навучальны год
Да 10 кастрычніка прымаюцца заяўкі на курсы Лятучага ўніверсітэта першага семестра новага навучальнага года. Да ўдзелу прапануецца шырокае кола тэмаў, з якімі працуюць беларускія інтэлектуалы, даследчыкі і практыкі.
У гэтым годзе асноўны акцэнт будзе скіраваны на разуменне, аналіз і практычныя падыходы да сацыяльнага жыцця, інстытутаў і актуальных з’яваў, якія складаюць сучаснае беларускае грамадства. Слухачы будуць мець магчымасць разабрацца з актуальнымі з’явамі жыцця, зразумець іх карані і асвоіць метады мысленчай і практычнай дзейнасці.
З 2016 года працуюць два ўзроўні адукацыі ў Лятучым універсітэце.
Першы ўзровень: адкрытыя курсы для слухачоў Лятучага ўніверсітэта. Ён працуе як прастора засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практык, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.
У мінулым годзе з’явілася дадатковая магчымасць адукацыі праз дыстанцыйную платформу Лятучага універсітэта (http://dp.fly-uni.org/). На ёй прадстаўленыя курсы Уладзіміра Мацкевіча, Ліліі Ілюшынай, Вольгі Орышавай, Ігара Бабкова, Галіны Русецкай, Тацяны Вадалажскай, Тацяны Мішаткінай, Ірыны Дубянецкай і Міхала Анемпадыстава. Там жа можна знайсці шэраг публічных лекцый па самых розных пытаннях.
Другі ўзровень: школы Магістраў Гульні. Яны ствараюць дадатковую ступень у структуры адукацыі Лятучага ўніверсітэта, якая разлічана на супольную інтэлектуальную працу невялікіх групаў са шчыльнай камунікацыяй з Настаўнікамі — беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі.
Падрабязнасці праграмы — ГЛЯДЗІЦЕ ПА СПАСЫЛЦЫ.
- Заяўкі прымаюцца да 10 кастрычніка.
- Усе заняткі бясплатныя
- Заняткі будуць праходзіць па вечарох у працоўныя дні
- Па дадатковых пытаннях можна звяртацца па адрасе: [email protected]