Сяргей Харэўскі: Магіла паўстанцаў на Замкавай гары – знакавае месца нашай гісторыі
У Беларусі падчас падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў шляхту, якая прымала ўдзел у паўстанні са зброяй, судзілі ваенным судом. Хавалі пакараных смерцю паўстанцаў таемна, каб іх магілы не сталі месцам паломніцтва і не былі ўшанаваныя.
Мастацвазнаўца Сяргей Харэўскі
Пра традыцыю таемнага пахавання паўстанцаў разважае Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца: „Адно са знакавых месцаў нашай гісторыі – брацкая магіла пакараных смерцю паўстанцаў 1863 года нядаўна наноў была адкрыта на Замкавай гары ў Вільні. Дакладна вядома, што там пахаваныя Станіслаў Ішора – першы ксёндз і першы наогул з паўстанцаў, які быў пакараны смерцю на Лукішскім пляцы. Яму было 25 гадоў. Мемарыяльная табліца ў памяць пра яго ёсць у касцёле на Лукішскім пляцы. Пакаранне смерцю ксяндза толькі распаліла пачуцці тубыльцаў, і паўстанне разгарэлася з новай сілай. Каб не рабіць ягоную магілу месцам для паломніцтва, яго таемна пахавалі на Замкавай гары, дзе ў той час была, як бы сёння сказалі, расейская база. Там быў кантынгент, артылерысты, гарматы, там быў спецыяльны рэжым. Туды просты чалавек не мог прайсці. Там яго і пахавалі ў таемнай безыменнай магіле, пысыпаўшы вапнай. Пакаранні смерцю ў Вільні не спыніліся. Тых, хто быў перад паўстаннем афіцэрам расейскімі, як, напрыклад, Зыгмундт Серакоўскі, расстрэльвалі, як здраднікаў прысязе. Тых, хто быў цывільны і не насіў мундыраў, вешалі. У прыватнасці, Кастуся Каліноўскага. І Серакоўскі, і Каліноўскі былі пахаваныя там, у гэтай брацкай магіле”.
Тут на абваленым схіле гары Гедыміна ў Вільні былі знойдзеныя парэшткі паўстанцаў, фота Лены Танкачовай.
Захавалася некалькі сведчанняў пакарання Кастуся Каліноўскага. Згодна аднаго з іх, Каліноўскі ішоў на пакаране смелай хадою, стаў прама да шыбеніцы, і пры чытанні прысуду яго ўнутранае хваляванне выяўлялася толькі ў тым, што ён абводзіў натоўп вачыма, быццам бы шукаў кагосьці са сваіх палечнікаў, каб даць яму зразумець, што таямніцу пра іх унясе ён з сабой у магілу.
Сяргей Харэўскі гаворыць: “Гісторыя пакарання смерцю і пахавання паўстанцаў на Замкавай гары пакідае нам не толькі тэарэтычныя пытанні, не толькі метадалагічныя пытанні да археолагаў. Гэтая гісторыя нагадвае нам пра норавы, побыт, пра тое месца, якое займала смяротная кара ў тыя гады, як гэта рабілася. Нават у расейскія часы, нават гэтыя публічныя расстрэлы і пакаранні паўстанцаў, былі выключнай мерай. Гэта былі як бы ўмовы вайны, іх каралі смерцю, як, сёння сказалі бы, “удзельнікаў незаконных узброеных фармаванняў”, як людзей, якія са зброяй у руках забівалі расейскіх салдат. Час быў такі. Недалёка і цяпер свет адыйшоў ад гэтых практыкаў. Але нават тады ворагі разумелі небяспеку ўсёй гэтай сітуацыі з маральнага гледзішча, яны разумелі, што робяць нешта абсалютна не маральнае, хаваючы гэтых людзей таемна”.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя