„Лістапад-2017” пройдзе пад слоганам „Ісціна, любоў і прыгажосць”



XXIV Менскі міжнародны кінафестываль „Лістапад” пройдзе з 3 па 10 лістапада пад слоганам „Ісціна, любоў і прыгажосць”.

Самае статуснае і буйное мерапрыемства ў сферы кіно ў Беларусі – ММКФ „Лістапад” па традыцыі аб’яўляе візуальнае афармленне і слоган. Год таму гледачы ішлі „Насустрач натхненню”, а яшчэ раней атрымлівалі „Асалоду для вачэй” і глядзелі „Такое рознае кіно”.

„Слоган „Ісціна, любоў і прыгажосць” – трыадзінства, якое непарыўна звязана з прыродай кінематографа. Як гаварыў выдатны рэжысёр Жан-Люк Гадар, „кіно служыць менавіта для таго, каб даць магчымасць бачыць”. Бачыць ісціну, паколькі выява сама па сабе заўсёды праўдзівая. Бачыць прыгажосць свету, якая можа таіцца ў грубай рэальнасці і раскрывацца ў майстэрскіх мізансцэнах, палітры гукаў, акцёрскай ігры. І, вядома, бачыць любоў – рухавік усялякага сюжэта – пачуццё, якое здольна абнавіць чалавечы сусвет і без якога немагчыма вялікае мастацтва”, – растлумачыў дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ „Лістапад” і дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі „Лістападзік” Ігар Сукманаў.

Заснавальнікі ММКФ „Лістапад” – Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм”, Беларускага саюза кінематаграфістаў. Арганізатарамі выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў „АРТ Карпарэйшн”.

belta.by