Польшча дэкларавала гатовасць спыніць высечку Белавежскай пушчы



Дэлегацыя Еўрапейскага парламента (ЕП), якая знаходзіцца ў Польшчы, атрымала запэўніванні з боку польскага ўрада аб тым, што высечка дрэў у Белавежскай пушчы будзе спыненая. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі кіраўнік дэлегацыі, прадстаўнік камісіі ЕП па пытаннях навакольнага асяроддзя Алаіз Петэрле.

„Мы зразумелі, што польскі бок гатовы ўжыць пераходныя механізмы і прыпыніць высечку Белавежскай пушчы”, – адзначыў ён. Мяркуецца, што высечка павінна быць абмежаваная да роўню, неабходнага для забеспячэння бяспекі людзей, якія па ёй перамяшчаюцца.

Скандал вакол высечкі Белавежскай пушчы працягваецца ў Польшчы ўжо некалькі месяцаў. Па планах урада, у пушчы высечцы падлягаюць каля 1,3 млн дрэў, заражаных небяспечным шкоднікам – караедам-тыпографам. У сваю чаргу эколагі пратэстуюць супраць гэтых планаў і патрабуюць даць магчымасць рэліктаваму лесу самастойна справіцца з натуральнымі працэсамі абнаўлення масіва.

Еўракамісія ў пачатку ліпеня накіравала ў Суд ЕЗ пазоў з патрабаваннем да польскага ўрада прыпыніць высечку дрэў, паколькі падобныя дзеянні супярэчаць законам аб ахове прыроды і пагражаюць захаванасці Белавежскай пушчы, занесенай у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Суд ЕЗ 28 ліпеня прыняў рашэнне неадкладна спыніць там высечку рэліктавага лесу. Аднак, як паведамляюць эколагі, знішчэнне дрэваў у пушчы працягваецца.

belta.by

Фота aftershock.news