Грыбаўскайтэ: Расея выкарыстоўвае ў якасці зброі энергетычны шантаж
Масква звяртаецца да „энергетычнага шантажу”, узводзячы ў Беларусі „небяспечную Астравецкую АЭС”, заявіла прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайтэ, выступаючы 19 верасня ў Нью-Ёрку на сесіі Генасамблеі ААН.
Расея здаўна выкарыстоўвае ў якасці зброі энергетычны шантаж. У Беларусі, усяго за сорак кіламетраў ад сталіцы Літвы, яна будуе небяспечную Астравецкую АЭС, якая ўяўляе сабой геапалітычную зброю, паколькі будуецца без выканання асноватворных міжнародных ядзерных стандартаў”, — цытуе Грыбаўскайтэ Цэнтр навін ААН.
Літоўскі прэзідэнт таксама заявіла, што ў гэтыя хвіліны „каля 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў ўдзельнічаюць у наступальных ваенных вучэннях „Захад-2017″ на мяжы краін Балтыі, Польшчы і нават у Арктыцы”. Паводле яе слоў, „Крэмль адпрацоўвае сцэнарыі нападу на сваіх суседзяў, нападу на Захад”.
„Сёння ўвага свету прыкаваная да Паўночнай Карэі і Сірыі, але тыя ж метады запалохвання і агрэсіі выкарыстоўваюцца Расеяй ва Украіне і ўздоўж усходніх межаў НАТА”, — сказала прэзідэнт Літвы.
„Будучы пастаянным членам Савета бяспекі ААН, Расія нясе асаблівую адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру, але, парушаючы Статут ААН, яна здзейсніла напад на Грузію, незаконна анексавала Крым і непасрэдна ўдзельнічае ў вайне ва Усходняй Украіне”, — сказала Грыбаўскайтэ. Яна дадала, што „арсенал Крамля не абмяжоўваецца звычайнымі ўзбраеннямі”.
„Расея працягвае ўмешвацца ў выбары, ажыццяўляе кібератакі і выкарыстоўвае свае „спадарожнікі” для распаўсюджвання фэйкавых навін і згубнай прапаганды”, — заявіла кіраўнік літоўскай дзяржавы.
Яна падкрэсліла, што „такія парушэнні асноўных міжнародных нормаў з боку некаторых рэжымаў у свеце не ўяўляюць сабой асобныя, незвязаныя адзін з адным выпадкі”. Паводле яе слоў, яны з’яўляюцца вынікам калектыўнай няздольнасці рэагаваць на гэтыя парушэнні.
БелаПАН