Кухмістр Верашчака прэзентаваў у Гародні кнігу «Сакатала бочачка»
Даследчык традыцыйных страў і напояў беларусаў Алесь Белы правёў творчую сустрэчу ў гарадзенскай этна-краме «Цудоўня». Гутарка ішла пра гістарычныя алкагольныя напоі, якія могуць і цяпер заняць годнае месца на рынку Беларусі. Пра сваё захапленне ў даследванні літвінскай кухні кажа Алесь Белы:
— Самае крыўднае, што забылі, напрыклад, крупнік, пітны мёд. Ну, зуброўку не тое што забылі, але праз неахайнасць, праз юрыдычную неразважлівасць, страцілі на яе юрыдычныя правы, як ні дзіўна. Хаця я кажу пра напоі, на якія нам належыць гістарычны прыярытэт. Ужо не кажу пра нейкую розную драбязу. Фактычна, калі мы паглядзім, росквіт нашай самабытнай алкагольнай культуры прыпадае на ХІХ стагоддзе.
Паводле меркавання Алеся Белага, актыўны росквіт культуры піцця прыпадае на XIX стагоддзе, часы антырасейскіх паўстанняў нашых продкаў. Пад час сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі, дзе Алесь Белы выступіў пад псеўданімам Кухмістра Верашчакі. Назва кнігі: „Сакатала бочачка: праўдзівая гісторыя нашых напояў”. Выйшла кніга ў выдавецтве „Янушкевіч” дзякуючы збору сродкаў на адным з сайтаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя