У пашпартным стале ў Гомелі не чулі пра беларускую лацінку



Жыхарка Гомля Марыся Тульжанкова не змагла аформіць свой пашпарт беларускай лацінкай, афіцыйна распрацаванай Акадэміяй навук. У пашпартным стале дзяўчыне сказалі, што некаторых пазначаных літар не існуе.

Марыся Тульжанкова гаворыць, што вырашыла напісаць прозвішча лацінкай, бо стамілася ад няправільнага вымаўлення прозвішча на мяжы.

– Няма літары жэт. І Тульжанкова выходзіць як Тузханкова. Беларуская лацінка была афіцыйна прынятая Акадэміяй навук у Беларусі. Жэт выглядае як ангельская Z толькі з галачкай зверху. Мяне папрасілі з’явіцца ў пашпартны стол. Я туды прыходжу. І ў мяне пачынаюць пытаць, што гэта за літара, гэта, кажуць, не лацінская літара, гэта не лацінка. Праз некаторы час мне паведамілі, што немажліва, што не існуе такога напісання, што не існуе такой літары.

Марыся Тульжанкова не скардзілася на дзеянні пашпартнага стала і аддзела па грамадзянстве і міграцыі. Як патлумачыла жыхарка Гомеля, іншыя падобныя выпадкі паказалі, што гэта бессэнсоўна.

Беларуская Радыё Рацыя