Варушыце лапкамі!
Чытаеш навіны і згадваеш старую-добрую казачку пра жабку, што трапіла ў малако, але не патанула, бо варушыла лапкамі, збіла масла і скочыла ў рэшце рэшт на волю!
Для таго, каб выбіцца ў людзі і дасягнуць нейкіх поспехаў, варта добра варушыцца, але і тут хаваецца небяспека… Не ўсе паважаюць чужы поспех. І ўтрымаць яго падчас няпроста! Вось і з аграсядзібамі ў Беларусі здарылася падобная гісторыя: людзям па-за межамі гарадоў у свой час далі магчымасць зарабляць грошы. Тыя сталі на ногі, грошай зарабілі – аграэкатурызм стаў папулярным і прыбытковым бізнесам… І камусьці гэта не спадабалася.
У кастрычніку мінулага года на сайце Міністэрства спорту і турызму размясцілі для абмеркавання праект указа кіраўніка дзяржавы, прысвечаны варыянтам развіцця аграэкатурызму. І варыянты гэтыя уладальнікаў больш дзвюх тысяч сядзіб па ўсёй Беларусі зусім не парадавалі. Маўляў, будзе забаронена аграсядзібам прымаць больш 20 турыстаў адначасова. І вяселлі ды банкеты, даражэнькія аграсядзібшчыкі, аддавайце гарадскім кавярням ды рэстарацыям! Карацей, зарабілі за столькі год – і хопіць ужо вам.
І вось мінае час, кіраўнік дзяржавы сустракаецца з міністрам эканомікі і дае адмашку ўсім расслабіцца. Маўляў, хочаце вяселлі ды банкеты – калі ласка! Здымаем усе адміністрацыйныя бар’еры для развіцця прадпрымальніцтва. З’яўляецца адчуванне, што або дзяржава падлічыла патэнцыйныя страты ад страты цэлай галіны эканомікі, або ўсё ж аграсядзібшчыкі зноўку сталі варушыць лапкамі, каб захаваць справу свайго жыцця… Што будзе далей з беларускім аграэкатурызмам? Пажывем – пабачым, а пакуль спадзяемся на лепшае, раз ужо такую адмашку далі.
Падобная па сутнасці сваёй гісторыя адбылася і з высяленнем з інтэрната вядомага вазочніка, юрыста і праваабаронцы Сяргея Драздоўскага. Спачатку хацелі выселіць – потым “перадумалі”. Не проста так – з-за розгаласу ў СМІ. Адміністрацыя Савецкага раёна на пазачарговым пасяджэнні прыняла рашэнне захаваць за Сяргеем Драздоўскім памяшканне, у якім ён жыве. ЖРЭА даручана заключыць з ім дамову. Таксама Драздоўскі адноўлены ў спісах тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў… А не было б розгаласу ў СМІ, не быў бы спадар Драздоўскі вядомым чалавекам ды юрыстам, то нічога б і не было! Варушыце лапкамі, спадарства! Іншых варыянтаў папросту няма.