Макей: Беларусь прапаноўвае Кітаю, Расеі, ЗША і Еўрасаюзу сустрэцца ў Менску
Беларусь прапануе ключавым глабальным гульцам — Кітаю, Расеі, ЗША і Еўрасаюзу — сустрэцца ў Менску і пачаць „дыялог аб стратэгічным бачанні новых канструктыўных стасункаў”. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы 21 верасня на агульнапалітычнай дыскусіі на сесіі Генасамблеі ААН.
Як вынікае з выступлення, тэкст якога размешчаны на сайце МЗС, Макей адзначыў, што для некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў характэрны „рост палітычнай фрагментацыі”, якая асацыюецца з глабальнай палітычнай нестабільнасцю і стала вынікам войнаў, канфліктаў, тэрарызму, ксенафобіі.
„Ствараецца адчуванне ўсё большага хаосу і безнадзейнасці, — сказаў Макей. — Чаму мы апынуліся ў такой сітуацыі? Таму што мы не паставілі кропку ў апошнім эпахальным канфлікце — халоднай вайне. Яна не завяршылася прыняццем мірнай дамовы, як гэта заўсёды адбывалася са сканчэннем усіх папярэдніх эпахальных войнаў„.
Паводле слоў Макея, розныя сілы сталі па-рознаму інтэрпрэтаваць гэты стан геапалітычнай нявызначанасці і адпаведным чынам дзейнічаць. „Што было відавочным і законным для адных, было незразумелым і нелегітымным для іншых. Па вялікім рахунку, усе праблемы, назапашаныя з пачатку 90-х, — гэта следства нашай няздольнасці давесці справу да канца ў завяршэнні халоднай вайны, — сказаў Макей. — Але ніколі не позна зрабіць тое, што правільна. Летась прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выступіў з ініцыятывай правядзення новага перамоўнага працэсу па аналогіі з Хельсінкскім працэсам 70-х гадоў. Вядома, з разуменнем тых праблем і пагроз, якія актуальныя для ўсіх нас сёння. Неабходна казаць аб своеасаблівым пашырэнні і пераасэнсавання гэтага фармату„.
Макей падкрэсліў, што Беларусь гатова падаць пляцоўку для такіх перамоваў. „Мы гатовыя выканаць гэтую задачу гэтак жа адказна, як Беларусь гэта робіць на працягу апошніх гадоў у рамках намаганняў па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. Менск гатовы стаць мостам, які звязвае старое з тым, што яшчэ не нарадзілася„, — сказаў ён.
Макей адзначыў, што дамоўленасці па выніках такога дыялогу „паставілі б кропку ў апошняй эпахальнай вайне”. „Такія дамоўленасці маглі б быць пасля рэалізаваныя пры актыўным падключэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, — лічыць кіраўнік МЗС Беларусі. — Тым самым мы павярнулі б назад тэндэнцыю росту палітычнай фрагментацыі ў свеце. Можа быць, гэта камусьці падасца сёння нерэалістычным. Але менавіта так жа у свой час, тры гады таму, успрымалася прапанова прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні міратворцаў ва Украіну. А цяпер гэтая ідэя рэанімаваная і актыўна абмяркоўваецца ў ААН”. БелаПАН