Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна
У Менску 22 верасня прыблізна ў 15.15 затрыманы апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, паведаміў БелаПАН сведка інцыдэнту — грамадскі актывіст са Светлагорска Юрый Ляшэнка. Крыху пазней інфармацыю аб затрыманні пацвердзіла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.
Сёння ў Менску прайшло пасяджэнне рады Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК). Пасля яго палітык з жонкай і калегамі выйшлі з будынка на вуліцу, да іх пад’ехаў сіні танаваны мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі міліцыі, затрымалі Статкевіча і павезлі ў невядомым накірунку, расказала Адамовіч.
„Сёння за намі была сочка на працягу ўсяго дня. Дом, дзе праходзіла пасяджэнне БНК, быў акружаны людзьмі ў цывільным, я іх налічыла чалавек 15. Таксама былі аўтамабілі ДАІ, а машынай хуткай дапамогі быў перакрыты праезд. Я мяркую, што яго павезлі адбываць пакаранне на Акрэсціна (у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). — БелаПАН.)”, — сказала жонка палітыка.
Папярэднім разам Статкевіч быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго арыштавалі на пяць сутак за дэманстрацыю бел-чырвона-белага сцяга ля ЦІП у канцы сакавіка гэтага года. Меркавалася, што Статкевіч таксама будзе адбываць яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якімі яго пакаралі за арганізацыю вулічнай акцыі ў Мінску 3 ліпеня, аднак 31 жніўня палітык выйшаў на свабоду.
Не выключана, што зараз Статкевіча могуць асудзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць вучэнняў „Захад-2017”, што прайшла ў Менску 8 верасня. Пакаранне за ўдзел у гэтай акцыі ўжо панеслі апазіцыйны палітык і паэт Уладзімір Някляеў, які вызваліўся сёння раніцай пасля сямісутачнага арышту ў ЦІП, а таксама магілёўскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч, аштрафаваны на 460 рублёў.