Чаму не закрылі “справу патрыётаў”?



21 верасня Следчы камітэт працягнуў тэрмін расследавання па “справе патрыётаў”. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка кажа, што “ўсё прадказальна”.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

У чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Тым часам паступова фігурантаў справы выпускалі на волю. 30 чэрвеня на волю выйшаў апошні зняволены – колішні кіраўнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

Андрэй Бандарэнка: Усё прадказальна. Працягненне тэрміну расследвання гэтай крымінальнай справы сведчыць толькі пра тое, што закрываць яе ніхто і не збіраецца. Перад следствам стаіць задача прыцягнуць людзей да крымінальнай адказнасці, незалежна ад таго, ці вінаватыя яны. Бо беларускі кіраўнік заяўляў жа вясной, калі распачыналася гэтая справа, пра “прарывы на мяжы” і “лагеры па падрыхтоўцы баевікоў”. Хто ж паставіць пад сумненне гэтыя словы? Тым больш, што сама “фрау У.” гэта пацвердзіла ў Германіі. На гэты фэйк працавала ўся дзяржаўная прапаганда, таму шляху назад няма. 

РР: Але справу будуць з кожным разам працягваць альбо яна можа дайсці да суда?

Андрэй Бандарэнка: Рабіць нейкія прагнозы ў краіне, дзе крымінальны пераслед часам адбываецца па пажаданнях вярхоўнай улады, справа бессэнсоўная. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе шматлікіх спраў. І суд у нас звычайна не можа адмовіць просьбам “зверху”. Вінаватыя будуць прызначаны ў любым выпадку. Гэта метад кіраўніцтва ў краіне – застрашванне астатніх. Таму, на мой асабісты погляд, “справа патрыётаў” да суда ўсё-такі дойдзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя