Ствараецца стратэгія развіцця навукі і тэхнікі на 2030—2040 гады



На II З’ездзе вучоных Беларусі, які пройдзе ў пачатку снежня, плануюць прыняць дакумент з рабочай назвай „Стратэгія: навука і тэхніка 2030—2040”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 верасня ў Менску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Уладзімір Гусакоў.

Паводле яго слоў, „свет стаіць на парозе новай прамысловай рэвалюцыі” і ўсё больш аддаляецца „ад трэцяга і чацвёртага тэхналагічных укладаў”, якія панавалі ў XX стагоддзі. Беларусь павінна развівацца ў адпаведнасці з сусветнымі трэндамі: „Трэба вызначыць элементы, падыходы і шляхі пераходу нашай краіны да шостага, а магчыма, і сёмага тэхналагічным ўкладу”.

„Яны прадугледжваюць інтэлектуалізацыю грамадства, — растлумачыў Гусакоў. — Будзе стварацца абсалютна бязлюдная вытворчасць на базе кіравання праз „інтэрнэт рэчаў”. Зараз мы ўжо гаворым пра „інтэрнэт усяго”, калі чалавек з дома можа кіраваць тым, што адбываецца на яго працоўным месцы, адначасова працуючы з банкамі, медыцынскімі ўстановамі, сферамі сацыяльных паслуг”.

„Для ўсяго гэтага сёння ствараюцца воблачныя тэхналогіі, калі чалавек можа выдалена адначасова рэгуляваць, кіраваць, атрымліваць інфармацыю, апрацоўваць даныя. Гэта не фантастыка, а перспектыва найбліжэйшых 10-20 гадоў. Мы павінны на гэта арыентавацца”, — дадаў ён.

Усё гэта будзе закладзена ў стратэгію, падкрэсліў старшыня прэзідыума НАН. Новая стратэгія навукова-тэхнічнага развіцця краіны будзе „вызначаць, якой павінна быць навука, каб развівалася эканоміка краіны, і якой павінна стаць эканоміка для інтэграцыі з навукай”.

belapan.by