У Беластоку пакажуць фільм Юрыя Каліны „Бежанцы. 1915–1922”
Лета 1915 года. Царская армія адступае з заходніх губерняў Расейскай імперыі, пакідаючы немцам спаленую зямлю. Царскія ўлады высяляюць сялянскія сем’і, некаторыя ўцякаюць самі, гараць цэлыя вёскі. Сотні тысяч вазоў цягнуцца на ўсход. Яны запаўняюць дарогі, праціскаючыся паміж ваеннымі калонамі. Пануе пекла: эпідэмія тыфу і халеры, спёка, нястача пітной вады, голад, абстрэлы і бамбаванне з боку немцаў.
Юрый Каліна
Агромністая тэрыторыя сучаснага Падляшша, абшары вакол Любліну і Хэлму, іншыя заходнія рэгіёны Расейскай імперыі ды ў меншай ступені цэнтральнай Польшчы – пусцеюць. Бежанцы – перадусім праваслаўныя беларусы, украінцы і расейцы (каля 70 %), а таксама палякі (12 %), габрэі, літоўцы, латышы і армяне. Паводле ацэнак гісторыкаў, свае дамы пакінулі каля трох мільёнаў чалавек. Гэта была самая маштабная прымусовая міграцыя ў ХХ стагоддзі ў гэтай частцы Еўропы.
Тыя, хто перажыў кашмарнае падарожжа, дайшлі да Дону, Сібіры, Каўказу і Сярэдняй Азіі. Там яны перажылі дзве рэвалюцыі, а таксама крывавую грамадзянскую вайну. Праз 5–7 гадоў яны вярнуліся ў свае вёскі, ужо ў адроджанай Польшчы. І знайшлі тут спаленыя гаспадаркі, занядбаныя землі, голад і недавер з боку ўладаў. Але ім пашчасціла – выжыць, бо каля 30 % бежанцаў не перажылі выгнання.
Гэты незвычайны і трагічны досвед трох мільёнаў чалавек не дачакаўся сваіх даследнікаў. Літаратуры на гэтую тэму вельмі мала, захавалася няшмат успамінаў. У Беларусі, як і ў Расеі, пра гэтую з’яву не ведаюць. У гістарычным наратыве таго перыяду дамінуюць апісанні ваенных дзеянняў. Сяляне не вялі дзённікаў, а вусныя гісторыі збольшага забытыя.
Фільм Юрыя Каліны – гэта часткова сямейная гісторыя. Прабабка рэжысёра Зоф’я выехала з малой вёскі Кашэлі Бельскага ўезду Гарадзенскай губерні ў казацкую станіцу Сцяпное Мацюніна Саратаўскай губерні. Там яна нарадзіла дачку Надзею. Зоф’я назвала гэтак дзіця, бо спадзявалася, што неўзабаве да іх далучыцца ейны муж Якуб, мабілізаваны ў царскую армію. Яна не ведала, што муж загінуў на фронце. Ён так і не пабачыў дачкі…
Паказ адбудзецца 5 кастрычніка, у „Kino Forum” у Беластоку, а 18.00.